Апусцела без мамы хаціна
Апусцела без мамы хаціна.
Стаў халодным, чужым родны двор,
Толькі слёзы і град успамінаў
Заліваюць былога касцёр.
Як жа цяжка, балюча на сэрцы!
Не прыняць гэта, не зразумець…
Мамін почырк на белай паперцы
На стале… І жахлівае – смерць.
Сум і гора ўсяліліся ў хату,
Занялі ўсе пакоі, куты…
Шчасце ў хаце не там, дзе багата,
А дзе разам з матуляю – ты.
Па-ранейшаму ўсё засталося…
Падкруцілі гадзіннік, ідзе…
Толькі восень без мамы – не восень,
Ды трава на капуснай градзе.
Сум налёг на душу невыносны –
Не ўсміхаюцца вочы і твар.
Больш не будзе ні кветак, ні вёснаў,
Толькі сумам працяты абшар.
Што кажу? Будуць кветкі. Не тыя.
Будуць вёсны, але не твае.
Дзе ж вы, з мамачкай, дні залатыя,
Калі мама на кухні пяе?
Дзе ж вы тыя святыя хвіліны,
Што калісьці не змог ацаніць?
Успаміны… Адны – успаміны…
І настрой – воўкам хочацца выць…
Защищено Google CAPTCHA. Политика конфиденциальности и Условия использования. Copyright 2025, Стихи.Бай
Оставить рецензию