Смак роднае мовы
Смак роднае мовы,
Які ты жаданы!
І гукі, і словы –
І радасць, і рана…
Часцей і часцей
Я вас чую па свеце.
Мацней і гучней
З вамі сэрцайка б’ецца.
Смак роднае мовы,
Які ты салодкі!
На вуснах дзяцей
І прыгожай малодкі,
У казках народных,
У песнях і ў вершах…
Заўжды будзеш родны,
У душы будзеш першы.
Смак роднае мовы,
Які ты гаючы!
Як голас сумлення,
Што лечыць і мучыць,
Як матчына слова –
На шлях, на дарогу,
Як лёсу прадмова,
Што пісана Богам.
Смак роднага слова,
З дзяцінства – каштоўны!
Як насыпка з лёну,
Прасціна з бавоўны,
Як гляк з сырадоем,
Як хлеба акраец
З зямлі, што заўжды
Для мяне – дарагая!
Защищено Google CAPTCHA. Политика конфиденциальности и Условия использования. Copyright 2025, Стихи.Бай
Оставить рецензию