Радаўніца

Па ўсiх кутках краiны нас iзноў
Раскiдвае непрадказальны лёс.
На Радаўнiцу ж едзем мы дамоў,
Сказаць сваiм бацькам:«Хрыстос уваскрос!»

Дзе сосны каля могiлак стаяць,
I дзе ляжаць спрадвеку валуны,
«Хрыстос уваскрос!»- нам важна iм сказаць.
У гэты дзень пачуюць нас яны.

Дзве ружы каля мамы палажыць,
Да мрамару прыцiснуцца iлбом,
I ў старэнькай хаце зноў адкрыць
У плюшавай абкладцы той альбом,

Дзе мы, малыя, на руках сядзiм
Сваiх бацькоў прыгожых, маладых.
Усе, што сёння ў хаце бачна iм,
I мы iх сення бачым як жывых.

Мiж нас яны, ды не крануцца iх,
Накрыта хлебам чарачка з вiном.
Мы iх, такiх жывых i дарагiх,
Цяпер у нашых душах беражом.

А потым трэба выйсцi на сяло,
Да родзiчаў у госцi завiтаць,
А мо пашчасцiць стрэць каго з сяброў
Ды пра жыццё-быццё iх распытаць.

Усе мы ўжо цi бабкі, цi дзяды,
На пенсii стаiм адной нагой,
Ды, дзякуй Богу, быццам малады,
Жыве ў душы гарэзлiвы настрой.

Яго мы добра падпiталi тут,
З сабой яшчэ ў дарогу узялi.
“Да пабачэння, любы родны кут!
Бывай! “– гаворым роднай мы зямлi.


Пожаловаться на стихи

Оставить рецензию

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Стихи.бай