Успамін пра Дзень Перамогі.
Нібы ўчора ўсе гэта было…
Пах бэзу каля помніка героям,
Сцягамі ўпрыгожана сяло,
І я стаю ў варце ганаровай.
Франтавікоў блішчэлі медалі,
Віталі людзі Перамогі дату,
З усіх старон сяла ў цэнтр ішлі,
Дзе помнік невядомаму салдату.
Я помню твары іх і іх пагляд.
Сур’езныя, усё бачыўшыя вочы,
Глядзелі ў мінулае, назад,
Дзе палыхалі смерцю дні і ночы.
Ігнат Пятровіч – наш сусед былы…
Ен два разы гарэў у танку ў бітве,
Ды, дзякуй Богу, усё-такі жывы,
Мо, зберагла матуліна малітва?
Вось бацька мой стаіць без медалёў…
Не ўсім дастойным лёс іх раздаваў.
У баю цягнуў ён провад між палёў,
Быў сувязістам, ды ў палон папаў.
Канцлагер той не можа ён забыць,
Бо нейкім дзівам, урэшце, выжыў там.
Было наканавана, мусіць, жыць
І мне, і чатыром маім братам.
Вось Фёдар Емельянавіч, сусед…
Успомню – і цяплее на душы,
Бо з гумарам казаць умеў, як след,
Пра быт вайны, які яны прайшлі.
Дабрачы наш настаўнік, ён усяго
Любіў нас, не здымаў ніколі стружку,
А калі мы не слухалі яго,
Казаў, што мы не бачылі лягушку.
І Дзмітрый нас Трафімавіч вучыў,
Гісторык наш, сапраўдны ветэран,
Ен з цяжкасцю хадзіў і гаварыў
Ад атрыманых незлічоных ран.
І як жыццё стаяла на кану,
Не вельмі расказаць яны ўмелі,
Дый не любілі ўспамінаць вайну,
Яны яе хутчэй забыць хацелі.
Хацелі жыць, кахаць, дзяцей расціць,
І паглядаць уперад – не назад…
За ўсіх палеглых у баях глядзіць
На божы свет той бронзавы салдат.
За ўсіх, што так хацелі ў маі жыць,
Глядзіць ён на дзяцей вясёлых раннем,
І на дзяўчыну, што вясной бяжыць
Да юнака на першае спатканне.
Любуецца і сонцам, і дажджом
За ўсіх, што паляглі ў баях суровых.
Пра іх мы вечна памяць зберажом,
І дай нам Бог не бачыць войнаў новых.
Я ведаю нібы святы статут-
Гісторыю не напісаць нанова.
Душа мая ізноў стаіць вось тут-
У гэтай вечнай варце ганаровай.
07.05.2025
Защищено Google CAPTCHA. Политика конфиденциальности и Условия использования. Copyright 2025, Стихи.Бай
Одна рецензия
Татьяна Короленко
25.04.2025 - 14:07https://www.youtube.com/shorts/VrB_mjMDs0M. Можна паслухаць па ссылцы.
Гэта помнік у в.Азяраны Жыткавіцкага раена Гомельскай вобласці. Успаміны сапраўдныя, не прыдуманыя.