Рагнеда

Ці здарылася вам у Заслаўі быць?
Пад Мінскам гэты горад старажытны,
Рагнедзе з Ізяславам тут стаіць
Прыгожы помнік, вельмі каларытны.

Пыталіся сяброўкі ў мяне,
А можа нехта і яшчэ не знае,
Што ж за Рагнеда і чаму ў яе
Убранства чорнай фарбай адлівае?

Вясна ў Заслаўі, расцвілі сады,
Спявае салавей усю ноч да ранку.
Распавяду, як трапiла сюды
Чарніцаю Рагнеда-палачанка.

У Полацку быў князем Рагвалод,
Дачку ен меў, Рагнеду –прыгажуню,
А з Полацкам суседні Наўгарод
Хацеў злучыцца ў грамаду адную.

Каб той саюз яшчэ падмацаваць
І аб’яднацца ў адных граніцах,
Уладзімір, наўгародскі смелы князь,
Задумаў на Рагнедзе ажаніцца.

Заслаў сватоў, ды стаў чакаць адказ,
Чакаў, на паляваннi дні ён бавiў,
А з Кiева ў гэты самы час
Брат Яраполк сваiх сватоў адправiў.

Вагаецца Рагнеда – ўзяць каго?
Тут навiна ей заляцела ў вушы,
Што маці Уладзiмiра ўсяго
Княгiнi Вольгi ключнiца- Малуша.

Князь Яраполк блiжэй душы ляжыць,
Адказвае Уладзiмiру адмовай,
Дабавiўшы: “ Рабынiчу не быць
Княжной разутым – вось мае вам слова.”

Што пачалося тут – не апiсаць,
Варагаў князь Уладзімір падымае,
Каб палачанку жорстка пакараць,
А княства далучыць да свайго краю.

Палае Полацк, мёртвыя ляжаць
Князь Рагвалод з сынамi са сваiмi,
Рагнеда сiлай жонкай мусiць стаць,
Уладзiмiр-князь iдзе вайной на Кiеў.

Брат Яраполк падмануты, забіты,
Цяпер Уладзімір ў Кіяве сядзіць,
Піруе, з ўсімі ворагамі квіты –
Ужо ягоным Полацк мусіць быць.

У Бераставе княжацкі гарэм,
Наложніцы там князя забаўляюць,
Калі не мае князь другіх праблем,
Ідзе дзяцей праведаць, бо чакаюць.

А як жыцце Рагнедзіна цячэ?
Ніводнае няма спакойнай ночы,
Стаць жонкай гвалтам паўбяды яшчэ,
А за сям’ю яна адпомсціць хоча.

З Уладзімірам сямёра дзетак ў іх
Ды ўсе баліць гадоў мінулых рана,
Бо помніць бацьку і братоў сваіх,
Забітых мужам, жаніхом незваным.

І думае: “ Я рукі не злажу,
У княжым цераме няма свабоды,
Сыночак Ізяслаў глядзіць у душу
Вачамі бацькі, князя Рагвалода,

Здаецца, помсты просіць у мяне.”
У апачывальні ўжо кінжал схаваны,
Уладзіміра чакае, каб у сне
Яго забіць, ей так наканавана.

Князь спіць, Рагнеда ўскінула руку
І дапамогі ў неба папрасіла.
Ды дзе ж было такое на вяку,
Калі б жанчына воіна забіла?

Схапіў яе руку, адкінуў рэзка,
На дол упала зброя і звініць,
Душыць пачаў, ды тут за занавескай
Прачнуўся Ізяслаў і просіць піць.

“Змяя ты, палачанка, раздаўлю,
Дзіцяці дай папіць, ды падрыхтуйся,
Па-княжацку адзенься –я заб’ю
Цябе цяпер!”- і не пачуў “злітуйся.”

Уладзімір выйшаў, моцна да сябе
Рагнеда Ізяслава прыціскае,
Цалуе меньшых –спяць няхай сабе,
Пра гора мацярынскае не знаюць.

Сама надзела княжацкі нарад
І княжацкі ўбор дастала сыну,
Памілуе Уладзімір тут наўрад,
Прыйшла ліхая да яе гадзіна.

Гаворыць Ізяславу: “ Вось твой меч,
Трымай яго мой княжыч, любы сын,
Як зойдзе бацька, вось такая рэч,
Скажы яму, што тут ён не адзін.”

Уладзімір на парозе хутка стаў,
Сустрэўся позірк дзьвух князёў-мужчын,
Свой меч дзіцячы Ізяслаў дастаў
І ціха кажа: “ Ты тут не адзін.”

І знікла злоба бацькі, як тут быць?
У вочы сыну глянуў і сказаў:
“Раз не баішся маці бараніць,
То ты сапраўдны княжыч, Ізяслаў.

Паедзеш на зямлю сваіх дзядоў,
Як толькі дачакаем ледастаў,
Там горад пабудую між лясоў,
Як ты ён будзе звацца-Ізяслаўль.”

Так Уладзімір-князь, цяпер святы,
За тое, што хрысціў калісьці Русь,
У час свайго княжэння залаты
Тут горад заснаваў, дзе Беларусь

Цяпер красуе летам і зімой,
Дзе з вамі мы жывем альбо працуем,
Смяемся, плачам, горад любім свой,
Ды працаю зямлю сваю мацуем.

Вось тут, сярод балот, палёў, лясоў
Выхоўвала Рагнеда Ізяслава,
Прадоўжыў ён род полацкіх князёў,
Стаў бацькам Брачыслава, той Усяслава,

Што звалі Чарадзеем усе часіны,
Радзіў на свет усім ворагам на страх,
І гэты род святая Еўфрасіння,
На радасць усім, праславіла ў вяках.

Заступніца ўсей нашае зямлі,
Яна прапраўнучка Ізяслава,
І думаю гадзіны надыйшлі
Успомніць тых вякоў далёкіх справы.

Рагнеда ж у Заслаўі засталася,
Пастрыглася ў манахіні яна,
Яе стараннем тут вось узвялася
Святая хрысціянская царква,

Дзе некалі малілася княгіня,
І лоб хрысціла правая рука
Чарніцы ўжо цяпер, Анастасіі,
І памяць пра яе нясе рака

К якой яна ў манашаскім убранні
Прыходзіла вады каб зачарпнуць.
Як успамін аб ей, цяпер у Заслаўі
Чарніцай рэчку звонкую завуць.

Малілася яна тут за сыноў,
За Ізяслава –полацкага князя,
За Яраслава, першага з братоў,
Што Мудрым людзі назавуць адразу.

Каб Усевалод здароў быў і Мсціслаў,
Каб дочкі выйшлі замуж па каханню,
І ёй каб Бог здароўя крыху даў
За ўсіх маліцца вечарам і раннем.

Да гэтых пор з малітваю святой
Яна ў Заслаўі тут, пад небам сінім.
Яе душа, здаецца мне парой,
Прыйшла к нам з прападобнай Еўфрасінняй.

Ляціць яна, нябачная для нас,
Галубкай над царквой Праабражэнскай,
Стаіць унутры царквы яна падчас
Святочнага начнога набажэнства.

А помнік ей, нябёс адбіўшы свет,
Аб годнасці жаночай нам гаворыць.
У руках карона – сыну запавет,
І сонца ім пяшчоту сваю дорыць.
17.07.2025


Пожаловаться на стихи

Оставить рецензию

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Стихи.бай