Пра зайца блогера
Слава дужа засціць вочы.
Быў заяц да яе ахвочы.
Плясун, спявак, канферансье.
Яго ў лесе ведалі ўсе,
І заяц гэтым ганарыўся,
Але аднойчы хворым ён зрабіўся:
Нагу няўдала падвярнуў –
І стаў нягодны ўжо плясун.
Пасля кавід, шпіталь, яго руціна –
Усё гэта зайца падкасіла:
Свой голас ён, нажаль, згубіў,
І зайца ў момант лес забыў.
“Як жыць? Чым грошы зарабляць?”-
Пачаў той заяц разважаць.
Пайсці ў палітыку быў план,
Але інтрыгі там, хлусня, падман
І, калі шчыра, вельмі страшна
(Палітыкі нярэдка мруць заўчасна).
Яшчэ ідэя: блогерам зрабіцца,
Каб у інтэрнеце на рэкламе раскруціцца,
Пасля лапатай грэсці грошы
За тое, што наіўных аблапошыў.
У зайца прынцыпы. Ён блогерам не будзе,
А грошы ў іншым месцы раздабудзе:
Ёсць праца ў полі, ёсць на агародзе,
Ды цяжкая яна, таму не падыходзіць.
Надзёргаць морквы – гэта не спяваць.
Рашыўся заяц морквай гандляваць.
Дзень прастаяў за стойкай ў краме,
Сумуючы па незваротнай славе,
І гандаль кінуў, каб пачаць
У бары віскі разліваць.
Бармэнам быў ён ночы две,
Пасля сядзеў два месяцы ў журбе.
За гэты час аформіў мемуары
І вершаў нізку напісаў да пары;
Пайшоў у выдавецтва – адказалі:
Ні тое, ні другое не надрукавалі.
Тады падаўся заяц у мадэлі,
Каб на яго ў захапленні ўсе глядзелі.
На кастынгу сказалі: маларослы
І ўжо не хлопец, а дарослы.
Такім у мадэлі шлях закрыты.
Пайшоў дадому заяц, як пабіты,
І там у жудаснай маркоце
Сядзеў тры дні ў адзіноце.
З вачэй заслона ў зайца спала.
Яму неякавата стала:
Не швец, не жнец, не на дудзе ігрэц.
Няўжо жыццю прыйшоў канец?
Сабраўся заяц, розумам раскінуў,
Нуду сваю ў мінулае адкінуў.
На прынцыпы ён напляваў
І блогерам у інтэрнеце стаў.
Цяпер жыве – у вус не дуе:
У рылсах бады рэкламуе,
На грашату ізноў багаты,
Бо мае спонсараў, данаты.
На фестывалі ездіць увесь прыгожы,
Былую славу ён на тры памножыў:
Вядомым стаў у суседнем лесе,
І ў пушчы, што кілометраў за дзвесце.
****
Камусьці – прынцыпы, камусьці – слава.
Галоўнае: на выбар права.
Защищено Google CAPTCHA. Политика конфиденциальности и Условия использования. Copyright 2025, Стихи.Бай
2 рецензий к 'Пра зайца блогера'
Ніна Царыковіч
07.12.2025 - 07:19І весела, і павучальна! Добры настрой з раніцы, вялікі дзякуй!
Oleg Sovothy
10.12.2025 - 21:33