Муха ў разводзе
Муж мухі абвясціў: “Развод!
Наш шлюб ужо фікцыя каторы год,
Бо я завёў сабе каханку-маладуху.
Твайго каб не было і духу
У маім жыцці! На гэтым кропка.”
Сабрала муха рэчы нетаропка
Ды з хаты мужа паляцела.
Душа яе ў момант загрубела,
Змяніўся рытм стабільнага жыцця:
Не стала мужа штовячэрняга ныцця:
“Нясмачны стэйк, а яблык несалодкі,
Нясі хутчэй лімон і чарку водкі!”
Свякруха больш над вухам не жужала,
Каб яе сына болей паважала.
Дачка ў водпуск прылятала,
Пайсці да псіхатэрапеўта заклікала.
Сяброўкі гуртам дужа данімалі:
Былога мужа мухі пракліналі.
Маўчала муха, цяжка ўздыхала,
А потым раз – і ўсміхацца стала.
Змяніла стыль, пахарашэла,
У выніку – паклонніка займела,
Дала супругу згоду на развод…
А цераз год такі вось паварот:
Былы супруг раскаяўся, вярнуўся,
Сказаў, што ў каханцы падмануўся;
Паклікаў муху зноў абрацца шлюбам,
Заглядваў у вочы са шчанячым сумам.
Яму рашуча муха адказала,
Бо волі смак ужо распрабавала.
Яна пакінула былое ў былым
І задаволена жыццём сваім:
Някепскага мужчыну для здароўя мае,
А ў новае замужжа ўлазіць не жадае.
****
У мухі можна павучыцца,
Як па мінулым не нудзіцца.
Защищено Google CAPTCHA. Политика конфиденциальности и Условия использования. Copyright 2025, Стихи.Бай
Оставить рецензию