ВТЭК
ВТЭК
Памяці брата
Мусіш ехаць.Хіба ж хочаш ?
Ўсё жыццё, як конь рабочы
А калі тут стаў нядуж
Трэ да доктара. Каму ж
Як не доктару паведаць
Што там, як баліць і дзе
Не паспаці, не паснедаць
Да вар”яцтва давядзе.
Прыхапіла – ледзь дапнуўся
Да лякарні ў Мазыры
– З таго свету ты вярнуўся,-
Так сказалі дактары.
Падлячылі, запісалі
У паперах што ды як
-Ты сардэчнік !-мне сказалі
Не ганяць табе сабак
Жыць табе паціху трэба
Кінуць трактар, групу ўзяць
Каб які кавалак хлеба
Ад дзяржавы атрымаць.
Першы раз гадоў за сорак
Ў райбальніцу еду сам
Трэба, кажуць, ўстаць да зорак
Бо к свінячым галасам
Прыбываць няма разліку
Там у іх такая кліка !
Пасмяяўся :-Я ж ніколі
Не хадзіў да дактароў
Ўсё жыццё рабіў у полі
А цяпер, як нездароў
Ці ж мне агледзець цяжка ?
За гадзіну прыме ВТЭК
Райбальніцы ў лік калек.
Ельск паўсонны.Райбальніца
Ці не сон кашмарны сніцца?
Сэрца грукае ў грудзях
Не памерці б на людзях.
Нумярок трымаю свой
Людзі лезуць па крывой:
Свой, знаёмы, кум, сусед,
Санітаркі хлопца дзед …
Як жа я дамоў даеду ?
Падайшла чарга к абеду:
-Што такое ? Хворы ? Не ?
З гэтым ,дзядзька, не ка мне
Бач ты, пруцца, як на танку
Там такіх прымалі зранку
Але зараз ў іх абед,
Прыдзеш заўтра, дармаед !
Абдало ўсяго, як варам
Трэ ж варочацца дамоў:
-Ну чаго змяніўся з твару ?
Адпачнеш – прыедзеш зноў
Што тут зробіш ? Ім не трэба
Боль маю да сэрца браць
Ці ж не прыдзецца без хлеба
З хворым сэрцам паміраць ?
-А скажыце, калі ласка…
-Тут табе бюро для справак ?
Расказаць табе мо казку
Адарвавшыся ад справы ?
Бач які нахабны, га ?
Я урач, а не слуга !
Пісталет бы мне, гранату
Не даехаў бы да хаты,
А ўзарваў бы хоць адну
Ну навошта гэтак ? Ну ?
Ці ж прашу чаго такога
Што ў бальніцах не даюць ?
Хворы я, пабойцесь Бога
Вось чаму так людзі пьюць
Як тут душу супакоіць
Без бутэлькі пад рукой ?
Як цяпер сябе настроіць
На лячэнне і пакой ?
Заўтра хмурае настала
Зноў палезлі як папала
Сваякі да дактароў
Той спачатку хто здароў
Цень наводзіць на пляцень,
Каб прадоўжыць бюлецень
Трэ, відаць, рубаць з пляча-
Я іду да глаўрача.
-Што ты хочаш ? Во, калгас,-
У каторы чую раз
Да мяне дайці сумеў ты
Дык дайдзі й да тэрапеўта !
Тут, па ўсім відаць, не лечаць
Тут такіх, як я калечаць
Трэба выйсце адшукаць
Хопіць стомлена блукаць
-Га! І ты тут ? За паперай ?
Што ? Хварэеш ? Не паверу !
Што тут хвораму рабіць ?
Ну трымайся! Так і быць !
Павяла мяне Натуля
-Гэты,-кінула,-Са мной !
Урачыха, як матуля
Пасміхнулась:-Что, больной ?
Падпісала напраўленне
-Трэба ў Гомель без сумнення
Курс лячэння трэ прайсці
І пасля сюды прыйсці.
Да Натулі павярнулась
Урачыха:-Ўсё як след ?
-Добра ты мне падвярнулась
Гэты дзядзька – мой сусед !
Еду. Думаю. Ўсе сведкі
Што ў лякарні гэтай мы ?
Не прабіцца без суседкі,
Не пралезці без кумы
Хоць ты хворы, хоць сардэчнік
Лета, восень на дварэ
Жыць захочацца, канечне
Сябраваць з суседкай трэ
Каб рабілісь справы шпарка
Кожны хай, пакуль не слаб
Не заглядвае у чарку,
Заляцаецца да баб
Прыязжайце у бальніцу
Перад тым, як захварэць,
Каб з лякаркай маладзіцай
Пазнаёміцца паспець
Прыйдзе час, ратуй нас Божа
Ад хвароб ды ад бальніц
Мо, знаёмства дапаможа
Хоць з адною з маладзіц !
Защищено Google CAPTCHA. Политика конфиденциальности и Условия использования. Copyright 2025, Стихи.Бай
Оставить рецензию