І тут бярозы, і там – бярозы…
***
І тут бярозы, і там – бярозы,
Але пайшоў бы у Галцы ў замець.
За хату б выйшаў і па марозу –
Да тых бярозак, што сэрца раняць.
А з Галцаў глянеш – на ўскрайку хата,
А злева хвойнік – у белай ваце.
Стажок за хатай, як лось рагаты.
Скубе хтось сена. Напэўна ж, маці.
Пяройдзеш поле да пышных сосен.
Дарога ў жоўтым – хтось вёз салому.
Вярнуцца хата цябе папросіць,
І па захлеўю – хутчэй дадому…
І тут бярозы, і там – бярозы,
Але пайшоў бы у Галцы ў замець.
За хату б выйшаў і па марозу –
Да тых бярозак, што сэрца раняць.
14. 01. 2024 г.
Галцы – назва беразняку ля роднай вёскі. – Заўвага аўтара.
Защищено Google CAPTCHA. Политика конфиденциальности и Условия использования. Copyright 2025, Стихи.Бай
Оставить рецензию