Вожык
Не аб гэтай марыла сустрэчы,
Ды, відаць, такі дзявочы лёс:
Я спаткала пад кустом парэчак
Вожыка, што яблык нёс.
Малады, прывабны і рахманы,
Ён стаяў каля маёй нагі,
Быццам прынц, зачараваны
Ведзьмай нейкай на вякі.
Ад пяшчоты і замілавання
У экстаз я, мабыць, увайшла:
Як авечка на закланне,
Заварожана за вожыкам пайшла.
Мы ішлі праз агароды,
Праз нізінку і лазняк,
Прамінулі могілак згароду,
А пасля палезлі ў хмызняк.
Я ўсю дарогу ўяўляла ясна,
Як мы прыйдзем у замак залаты,
Чары знікнуць, і скажу я важна:
“Вольны ты, мой сябра дарагі!”
Вожык-прынц руку мне пацалуе,
Выцягне пярсцёнак з пінжака,
Шлюб прыгожа прапануе.
Закахаюся я ў прынца-мужыка.
Потым сядзем мы ў карэту,
Паімчым у нябёсаў змрок,
Каб на ўскрайку нашага сусвету
Даць нязломны вернасці зарок…
Я пыхцела ў хмызняку, сапела.
Вожык яблык у норку закаціў.
Зазірнула я туды і аж знямела:
Вожык ужо жанаты быў!
***
P. S. Усміхніцеся, паважаныя чытачы.
Защищено Google CAPTCHA. Политика конфиденциальности и Условия использования. Copyright 2025, Стихи.Бай
Оставить рецензию