Восемдзесят шосты. Красавік…

***
Светлай памяці маіх вясковых суседзяў

Восемдзесят шосты. Красавік.
Я тады вучыўся ў інстытуце.
Сорак год прайшло, а ён не знік –
Успамін аб жудаснай мінуце:

Выбух у Чарнобылі… І дождж,
Цёплы дождж, што пляскаў па асфальце.
Ён шчымеў, нібыта ў сэрцы нож:
Дзе там маё Будзішча на карце?

Мама бульбу сеяла адна.
Пад каня. Свісціха памагала.
Не відаць Чарнобыля з акна.
Ды і што яна пра тое знала?

Чыстым аказалася сяло.
Дый куды было перасяляцца?
Пылам ад Чарнобыля мяло,
І спяшаўся кожны адсявацца…

Сорак год прайшло, а ён не знік –
Успамін аб жудаснай нагодзе:
Восемдзесят шосты. Красавік.
Мама бульбу сее ў агародзе…

26. 04. 2026 г.


Пожаловаться на стихи

Оставить рецензию

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Стихи.бай