Пра мову
Так, мова беларуская мая
Прасцей, чым той магутны i вялiкi,
У ёй па-над рэчкай спевы салаўя
I скрыпачка вясковага музыкi.
У ёй матуляй вышыты абрус,
На вокнах гафтаваныя фiранкi,
Духмяны на талерачцы забрус,
Пастаўлены на стол квяцiстым ранкам.
У ёй сунiц салодкiх летнi пах
I журавiн балотная кiслiнка,
Дрыготкая на восеньскiх садах
Падвешаная ветрам павуцiнка.
Якое шчасце — мову сваю мець!
Тут я амерыканца пашкадую,
Бо калi ён захоча песню спець,
То мусiць браць ангельскую, чужую.
А я на роднай цiха завяду
«Цячэ вада ў ярок» цi «Шумяць вербы»,
Збіваючы матыкай лебяду
На агародзе матчыным ля фермы.
Тут дух маіх прабабак i дзядоў
Дае мне моц i розныя нагоды,
Каб адчуваць праз веянне гадоў
Слоў беларускiх смак і асалоду.
28.01.2025
Защищено Google CAPTCHA. Политика конфиденциальности и Условия использования. Copyright 2025, Стихи.Бай
Оставить рецензию