Легенда пра Зязюлю

( З серыі “Легенды Беларусі)
Напісана па матывах народных паданняў і сказаў.

Калісьці ў даўнія часіны
На нашых землях жыў мужчына.
І называлі яго Ўластам.
Імя такое чуць не часта

Цяпер даводзіцца. Дарэчы
Заможны быў ён, не з галечы.
І меў яшчэ ён тры дачушкі,
Такія ладныя, як птушкі.

Дзяўчатак звалі Здана, Млява,
Найпрыгажэйшай і рухавай
Была з іх трэцяя сястрыца,
Зязюля. Спраўнаю майстрыцай

На рукі ўсе яна была.
І Мляву зайздрасць узяла,
Як быццам нейкая праява
Найшла. У спёку была справа.

Пайшлі купацца да вадзіцы
Пад вечар лецейкам сятрыцы.
Адзенне спехам паскідалі,
Давай пляскацца ў чыстай хвалі.

І скарыстаўшы мітусню,
Тут Млява ўдумала хлусню.
Зязюлі вопратку схавала,
Нічога сёстрам не сказала.

А тут аднекуль – навальніца.
Дамоў пусціліся сястрыцы.
Зязюля збегчы не паспела,
Адзенне адшукаць хацела…

А вецер свішча – страх глядзець.
І хмара з громам, як мядзведзь…
Усё навокал задрыжала,
Дзяўчына рукі заламала,

Галосіць роспачна і плача.
І тут на дзіва, не іначай,
Выходзіць з возера хлапец
Прыгожы, статны маладзец.

Нясе Зязюліна адзенне.
І хмара знікла праз імгненне
Кудысьці разам з навальніцай.
А вочы хлопца, як крыніцы,

Зязюлю хвалямі накрылі
І ў паніча таго ўлюбілі.
Бо ён не просты быў юнак,
Закляты княжыч. Мабыць так.

Дзяўчына з ім і засталася.
Ў палац крыштальны падалася,
І сталі жыць яны шчасліва
Усім вужам, смаўжам на дзіва…

Ці год, ці два прайшло, мо болей
І сум Зязюлечку адолеў –
Так захацела ўбачыць маці,
Сястрыц і бацьку ў роднай хаце.

Давай каханага прасіць –
Адведаць родных адпусціць.
Згадзіўся муж пусціць жанчыну,
Але і вызначыў часіну –

Дамоў вярнуцца да заходу:
– Але сама не лезь у воду!
А тры разы пакліч мяне,
Інакш нас ліха не міне.

На голас выпаўзе вужака
Ты не пужайся небараку,
Бо не сапраўдны будзе вуж,
То буду я, Якуб, твой муж.

Я правяду цябе дадому
Назад у нашыя харомы….»
Яна згадзілася з каханкам,
Назаўтра ўстала на світанку

І заспяшалася ў дарогу.
Дайшла да роднага парога.
Сустрэла маці, абняла
Адразу ў хату павяла.

Дачку, як госцю, частавалі
І падрабязна распыталі,
Што з ёю здарылася, дзе
Жыве адна ці ў грамадзе?

Пра ўсё Зязюля спавядала,
А пра вяртанне прамаўчала.
Пайшла з матуляю да зруба,
Там ёй сказала пра Якуба.

Сястра падслухала гаворку,
Знайшла сякеру і з надворку
Хутчэй пабегла да затокі.
І там давай: «Якуб!» – галёкаць.

Калі той выплыў з асакі,
Млява з размаху ў дзве рукі
Яго сякерай засякла
І з тых мясцінаў уцякла.

У гэты час Зязюля бегла,
Каб скараціць дамоў адлегласць,
Як быццам сэрцам адчувала,
Што мужа любага не стала.

Прыпала ніцма да вады
І зваць давай: «Якуб! Сюды!»
Але маўчала наваколле…
І, ці то з гора, ці то з болю

Яна зрабілася там птушкай…
Адны завуць яе “кукушкай”,
А мы зязюляй называем.
Да гэтых пор яна лятае.

«Якуб! Якуб!» крычыць і кліча…
А мы гады па “ку-ку” лічым.


Пожаловаться на стихи

Оставить рецензию

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Стихи.бай