ДЗЕ СХАВАЎСЯ ДЗЕД МАРОЗ? частка IV , частка V

казка для дзяцей і дарослых
частка IV

НА ПАЎДНЁВЫМ ПОЛЮСЕ

Вось ужо два дні ляцелі.
Рэкі, горы, гарады
Адно хутка мільгацелі
І знікалі ў нікуды.

Зноў вялікім белым полем
Стала ўсё ўдалечыні.
Ужо цяпер Паўднёвы Полюс
Паказаўся на зямлі.

Анікога ў белым полі,
Толькі вецер снег мяце.
Пачалі шукаць паволі,
Дзед Мароз схаваўся дзе?

Тут туман закалыхаўся,
І сярод белых ільдзін
Нечакана паказаўся
Чорна-беленькі пінгвін:

– Вас усіх, сябры, вітаю!
У дазоры тут стаю.
Ад бяды абараняю
Антарктыду я сваю.

Ды навошта вы на Полюс
Прыляцелі ў гэты час?
Што шукаеце ў полі?
Хто патрэбны вам ад нас?

Тут Снягурка ў хваляванні
Выйшла, руку падняла.
Тэлеграмы ліст з кішэні
Вартавому аддала:

– Называюся Снягуркай.
Гэта ўсё – мае сябры.
Яны з Пушчы Белавежскай
Неслі вам свае дары.

Ужо каторы дзень лятаем.
Дзед Мароз патрэбны нам.
Мы яго не адшукаем,
Хоць былі і тут, і там.

Паглядзеўшы ў тэлеграму,
Аж падскочыў той пінгвін:
– Дзед Мароз тут добра знаны!
Пойдзем разам мы за ім!

Тэлеграму вы чыталі?
У нас прачнуўся злы Вулкан!
Злыя Сілы загадалі,
Каб нагрэў ён акіян.

Вунь далёка айсберг дзіўны
Горб падняў аж да нябёс.
Там сабраліся пінгвіны,
З імі разам Дзед Мароз.

Ад учора дэбатуюць.
Бо Вялікі там Савет.
Усе пінгвіны лямантуюць!
Як пазбавіцца ад бед?

частка V
ВЯЛІКАЯ БІТВА

Да агромністай ільдзіны
Іх прывёў паспешны крок.
Вельмі дзіўная карціна
Разгарнулася здалёк.

Каля айсберга трашчала,
Ды мігала глыбіня,
Усё навокал грукатала,
Калыхалася зямля.

Дзед Мароз – Вялікі Волат
Над зямлёю паўставаў.
І мароз, і люты холад
Да сябе ён заклікаў:

– Гэй, магутны Холад зімні!
Накіруйся ў акіян!
Скуй ізноў усе ільдзіны!
Затушы на дне Вулкан!

Сваім кіем бліскавіцы
У акіян ён стаў пускаць
І расталую вадзіцу
Зноўку ў лёд ператвараць.

Моцна скрыгаталі крыгі.
З глыбіні праз акіян
Лавы вогненныя прыскі
Вывяргаў уверх Вулкан.

Айсберг распачаў хіліцца,
Падымалася вада,
Нават снег пачаў дыміцца,
Узмацнялася бяда!

Глянуў Дзед Мароз наўкола,
Кій магічны зноў узняў,
І на ўвесь магутны голас
Гучна-гучна пракрычаў:

– Гэй, Зямля, мая сястрыца!
Акіян, ты братка мой!
Мне дапамажыце біцца
З гэтай страшнаю бядой!

Трэба разам пастарацца,
Бок аб бок паваяваць!
Усім светам аб’яднацца
Ды жыццё ўратаваць!

працяг будзе…


Пожаловаться на стихи

Оставить рецензию

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Стихи.бай