Запоўніла прырода…
Запоўніла прырода каляндар
Старонкамі з абуджаных пралесак,
Што выбеглі на сонечны ўзлесак.
Узяла і цюльпанавы ліхтар.
І месячык, які дае святло
У цемрадзі кароткай летняй ночы,
Валошак аксамітавыя вочы
І мора спеў, што ў непагадзь гуло.
Дадала яблычны духмяны густ,
Прыгожы жоўталісця плаўны танец,
Грыбной сям’і дажджом амыты глянец
І чорны, мокры, абляцелы куст.
І гравіроўку снегам на акне,
І вуркатанне котак каля печы…
Прырода каляндар стварыла вечны.
Штодня ім карыстаемся мы ўсе.
Защищено Google CAPTCHA. Политика конфиденциальности и Условия использования. Copyright 2024, Стихи.Бай
Комментировать