ГОД ІШОЎ ТРЫЦЦАЦЬ ДЗЯВЯТЫ… ( БАЛАДА ПРА ДЗЯДОЎ)

Вецер у палях віруе,
Снегу намяло багата.
Студзень на двары пануе.
Год ідзе трыццаць дзявяты.

Да малой драўлянай хаты
Папрыходзілі суседзі.
У пакоі небагатым
Размясціліся ледзь-ледзьве.

Засмучоная жанчына,
Трое дзетак з ёй на лаўцы.
Азіраюцца пужліва,
Прыціскаюцца да маці.

–Адкажы ты ўсім нарэшце,
Скуль ідзеш і шлях да кога?
Ды чаму з малымі дзецьмі
Выбралася ты ў дарогу?

А яна – у цёплай хаце –
Моцна к сэрцу прыціскала,
Закалыхвала дзіцятка,
А сама апавядала…

– Трое дзетак, вось чацвёрты …
Тут учора нарадзіла…
Як дайшлі да вашай хаты?
Бараніў нас Бог на дзіва…

З Белавежы мы. На ўскрайку
Ўсёй сям’ёй жылі спакойна.
Свёкар са свякроўкай файнай,
З мужыком – я, усё прыстойна.

Пры пагонах, пры пасадзе,
Свёкар быў даволі слаўны,
Паважалі яго людзі,
Бо трымаў парадак спраўна.

Добры быў і справядлівы.
Да яго ішлі з бядою.
Усім дапамагаў зычліва,
І казаў заўжды такое:

– Тут, на ўскрайку Белай Русі,
Мы жывем, сяляне-братцы.
Праваслаўныя мы людзі,
Трэба разам нам трымацца.

Толькі вось прыйшла гадзіна,
Калі “Мір” той падпісалі…
На паперы ў нас – чужына,
Бо пад панства мы падпалі.

Як прыйшлі да нас панове,
Усё адразу памянялі.
Грэбавалі нашай мовай,
Веру нашу не прымалі.

Што яшчэ магу дадаць?
Без мяне ўсё вядома.
Як пад панствам выжываць,
Добра вам усім знаёма…

Больш за дзесяць год прамчалі,
Двух сыноў я нарадзіла,
Употай, каб не пакаралі,
Да царквы сваёй хадзіла.

Свёкар мой не змог мірыцца,
Што цяпер мы пад панамі.
Што прыйшлося разлучыцца
З роднымі ды сваякамі.

І на кожным нашым сходзе
Гаварыў: – Часіна прыйдзе,
Зменіцца жыццё, і пойдзе
З беларускіх земляў злыдзень.

Хоць на ўскрайку Белай Русі
Мы жывем, сяляне-братцы,
Праваслаўныя мы людзі,
Трэба разам нам трымацца!
Хтосьці стаў пісаць даносы…
Бацьку нашага прызвалі.
На размову, на дапросы
Ў магістрат спатрабавалі.

Быў там генерал суровы.
Ён на свёкра толькі глянуў
І пачаў сваю размову:
– Прапаную табе справу:

Застанешся пры пасадзе,
Калі зменіш сваю веру,
Звабіш да касцёла людзей,
Ды на польскую манеру

Станеш весці свае справы,
Размаўляць па-польску станеш,
Будзеш сам служыць нам спраўна,
І сялянам так закажаш.

Свёкар аглядзеў павольна
Таго пана-генерала,
І ўпэўнена, спакойна
Яго слова прагучала:

–Дзякуй пану генералу
За такую прапанову.
Ні за якую пахвалу
Не змяню сваю я мову!

Не прадам сваёй я веры –
Увесь род мой праваслаўны!
Ні за якія хімеры
Не змяню Радзіме слаўнай!

Бо на ўскрайку Белай Русі
Мы жывем, хоць небяспечна,
Праваслаўныя мы людзі –
Гэта ў сэрцах нашых – вечна!

–Ах- жа ж ты, халоп няўдзячны!–
Генерал стаў увесь чырвоны.
– Паясі ў мяне ты смачна! –
І сарваў з яго пагоны…
Падпалілі хату нашу
Той жа ноччу, з панскай волі.
Усё сямейства ўратаваўшы,
Бацька сам сябе – не здолеў….

Яго з мірам пахавалі,
А за ім хутка свякроўку…
Сэрца болю не стрымала,
І пякучых слоў з натоўпу….

Што рабіць? Сабралі рэчы,
Ды на дальні стары хутар
Падаліся, каб, нарэшце,
Нам забыцца гэты мутар…

Мы сям’ёю працавалі,
Дзень і ноч усё рабілі:
Хлеў і хату збудавалі,
Агароды пасадзілі.

Так паціху прывыкалі,
Гаспадарку нажылі.
Дзеці нам дапамагалі
І рабілі, што маглі.

Мой старэйшы, ох занятны:
У дзесяць – конюх быў выдатны,
А малодшы ў пяць гадкоў
Пас вялікіх гусакоў…

Усміхнулася, прыціхла,
Горасна прагаварыла:
– Ох, каб не такое ліха,
Можа, мы б жылі шчасліва.

Ды й мужык быў майстрам слаўным,
Справе дзетак навучаў.
Усё рабіць стараўся спраўна,
І заўсёды дадаваў:

– Эх, на ўскрайку Белай Русі
Мы жывем, хоць небяспечна,
Праваслаўныя мы людзі –
Гэта памятайце вечна.
Больш за пяць гадоў ў спакоі
Пражылі мы ў лесе ціха.
Род прыбавіўся дачкою…
Але напаткала ліха.

Бандзюкі ўляцелі ў хату,
Мужыка майго схапілі,
Скарб забралі небагаты,
Рукі ланцугом скруцілі.

– Ты ад веры адцурайся,
І ад мовы сваёй брыдкай.
Будзеш далей жыць, старацца
Ў гэтай хатцы сваёй хліпкай.

Ён казаў такія словы:
– Не прадам я сваю веру,
Не змяню я сваю мову,
Каб пабрала вас халера!

Моцна, злосна, вельмі доўга
Мужыка майго збівалі.
Мяне тоўстаю вяроўкай
З дзецьмі ў хлеве прывязалі.

Мы крычалі, мы прасілі,
Каб яго не катавалі,
Бандзюкі сваё рабілі –
Ледзь жывога ў лес пагналі…

Тры дзянёчкі і тры ночы
Мужыка свайго шукала
Ў лесе, полі, на балоце…
І знайшла, і пахавала…

Два сынка, дачка малая,
Ды сама ўжо – восьмы месяц.
Што рабіць, зусім не знаю,
Бо як прыйдуць зноў – зарэжуць.

Вось сабралі мы ў вузельчык
Што змаглі, і на зарыцы
Запраглі каня ў вазочак
І памчалі да граніцы.

Колькі дзён мы ўцякалі –
Панаваў у сэрцах страх.
Ноччу коніка ўкралі,
Ледзь схаваліся ў кустах.

Ішла пешкі з трыма дзецьмі,
Цяжка, ногі не няслі…
І нарэшце, як сцямнела
Хату вашу вось знайшлі

Бог пра нас, мо, не забыўся:
Толькі сонейка ўзышло,
Мой чацвёрты нарадзіўся.
Вось як гэта ўсё было…

Век за вас маліцца буду,
Вашу шчырасць, дабрыню
Я ніколі не забуду.
У царкве свечку запалю…

Слёз жанчына не ўтрымала.
Людзі плакалі, маўчалі…
Уся вёска тут стаяла,
Ёй ад сэрца спачувалі.

Вось старэйшы сярод люду
Ўстаў і так сказаў з пяшчотай:
– Доўга гаварыць не буду.
Мо, адолеем турботу.

Хоць у нас і небагата,
Пажыві пакуль тут, з намі.
Летам пабудуем хату…
Выжывем і пад панамі!

Вецер лядзяны віруе,
Снегу намяло багата.
Студзень на двары пануе –
Год ідзе трыццаць дзявяты…

У верасні гэтага ж года
З дапамогай братней Русі
Часткі захаду і ўсходу
Аб’ядналі беларусы!


Пожаловаться на стихи

Оставить рецензию

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Стихи.бай