ПРЫГОДЫ Ў СУСВЕЦЕ часткі III і IV
казка для дяцей і бацькоў
III СУСТРЭЧА З КАМЕТАЙ
Камяні сябры збіралі
Ды патроху падрасталі.
Сярод камянёў саміх
Шмат вялікіх і малых.
Склад у іх заўсёды розны,
Розны коляр, пах дзівосны,
Смак прыемны, крохкі пыл,
Надае ўсім зоркам сіл.
– Вось знайсці б такі адразу,
Каб нам падрасці ўжо разам! –
Марыў Ія нараспеў,
А навокал не глядзеў.
Усё змянілася раптоўна,
Засвяцілася чароўна.
Побач з Іяю заззяў
Вогненнай каметы* сплаў.
– Як зачэпіць, дрэнна гэта,
Паляціш з ёй па сусвету! –
Замігала Ая ў міг,
Падняла з-за Іі крык.
Сябра і не адгукнуўся.
У бок каметы павярнуўся,
Вочы вырачыў, як бык,
Ды надуўся, як індык.
– Велізарная якая!
Хвост які даўжэзны мае!
Хутка як яна ляціць!
Як цяпер яе злавіць?
– Мы злавіць яе не можам!
Ія, будзь жа асцярожным, –
Ая ва ўвесь голас свой
Закрычала сябру: – Стой!
Нешта трохі зразумеўшы,
І ад страху запыхцеўшы,
Ія ціха запытаў:
– Як пазбыцца дрэнных спраў?
Ая толькі паглядзела,
У трывозе замігцела:
– Што з каметай нам рабіць?
Бачыш, хутка як ляціць.
Спрытна так да нас нясецца,
Часу мала застаецца…
На яе арбіце ёсць
Не адзін нябесны госць.
Вунь планета там міргае
І святлом блакітным ззяе.
У планеты той імя
Вельмі гучнае – Зямля!
Гэта добрая планета.
На яе ляціць камета!
Трэба ўрэшце вырашаць,
Як Зямлю ўратаваць!
Ія зноў не варухнуўся,
Нават і не адгукнуўся,
Нібы ў ступары маўчаў,
На камету пазіраў.
– Ія, ужо выходзь з нябыту!
Трэба ёй змяніць арбіту!
Паляціць патроху ўбок,
Не адбудзецца наскок.
Можа зменім ёй кірунак?
Гэта будзе падарунак!
Стане побач пралятаць,
Камяні пачнем цягаць.
Пастарацца толькі трэба,
Каб нас не панесла ў неба…
Хопіць доўга гаварыць.
Мусім хутка ўсё рабіць!
Набліжалася камета…
– Мне не даспадбы гэта! –
Ад апошніх Аі слоў
Ія ўрэшце адышоў:
– Ну, наперад, сябра Ая!
На камету налятаем!
Як арбіты супадуць,
Станем камяні цягнуць!..
Жудасна было, цікава
Ім займацца цяжкай справай,
Ды пры гэтым паспяваць
За Зямлёю назіраць.
Зоркі добра працавалі,
Пыл і камяні цягалі
І стараліся хоць як
Памяняць каметы шлях.
А яна ляціць спакойна
Па сваёй арбіце вольнай,
Ды наровіць так звярнуць,
Каб сяброў у сусвет сцягнуць.
Ая крыкнула сярдзіта:
– Ды змяні ты ўжо арбіту!
Хоць на градус, хоць на крок
Павярні свой тоўсты бок!
І камета бы пачула.
Трохі галавой матнула
І панеслася ў сусвет,
Паміж зорак і планет.
Тут сябры ў задавальненні
Засвяцілі, як праменні!
Прачалі ў след ёй міргаць,
Прывітанні пасылаць.
Потым разам замаўчалі
І паволі пазіралі
На блакітную Зямлю,
Што плыла ўдалечыню.
Так ляцелі па сусвеце,
Па пракладзенай арбіце
Праз вялікі Свет стары
Зоркі – добрыя сябры.
Зоркі дзве, яшчэ малыя,
Да адважныя якія!
Іх чакаў далёкі шлях
І прыгод чароўны пах.
IV РАЗМОВА
Хіба я, дружок, праспала,
Бо табе не расказала,
Як у сусвеце між сабой
Размаўляе зорны рой.
Каб у эфіры* не згубіцца,
Ад арбіты* не адбіцца,
У сусвет сігнал падаць
Шмат патрэбна вывучаць!
Матэматыку знаць трэба,
Зорныя атласы неба,
Асяроддзя поўны склад,
Астраноміі* расклад…
Фізіку, літаратуру,
Хімію, IT – культуру*…
У школе ты не пазяхай,
На вучобу налягай!
Зоркі словы не ўжываюць,
Не крычаць і не спяваюць,
Падаюць сігналы ў свет
І да зор, і да планет.
Ды вылічваюць дакладна,
Хвалі выбіраюць складна,
Пасылаюць іх здалёк
У любы патрэбны бок…
Ая сябра навучала,
Усё тлумачыла, казала:
– Шмат у космасе ўсім
Небяспечных блытанін.
Ты мяне паслухай, Ія.
Калі блізка мы, адныя,
Чуеш добра ты мяне
Нават і ў моцным сне.
А калі не так складзецца,
Прыйдзецца нам разляцецца?
Будзеш што рабіць тады,
Накіруешся куды?
Мы паволі падрастаем,
Сабе веды набываем,
Ды надыдзе пэўны час,
Што пакліча справа нас.
Часу ёсць у нас нямнога,
Хоць і доўгая дарога.
Да туманнасці адной
Набліжаемся з табой.
Ужо наперадзе сустрэча
З гэтай дамай небяспечнай.
Нам кірунку не змяніць.
Асцярожным трэба быць…
Так ляцелі, размаўлялі,
Паступова набіралі
Разуменне, сілу, веды
Ды сусветныя сакрэты…
працяг будзе
Защищено Google CAPTCHA. Политика конфиденциальности и Условия использования. Copyright 2025, Стихи.Бай
2 рецензий к 'ПРЫГОДЫ Ў СУСВЕЦЕ часткі III і IV'
Виктор Цвик
19.03.2025 - 11:09Цудоўная казка, Соф’я! Абавязкова для пазакласнага чытання!
Софья Судьина
19.03.2025 - 11:13Дзякуй, Віктар.
Толькі гэта ад нас не залежыць))