ПАДЗОРНАЯ ТРУБА
Ужо даўно паўсюды цёмна,
На небе месяц засвяціў.
Браты не спяць, а патаёмна
Глядзяць у далёкі небасхіл.
У шафе бацькавай учора
Трубу падзорную знайшлі,
І апасля вячэры скора
Абодва ў свой пакой сышлі.
Усё разглядалі ў захапленні,
Пытанні сыпалі як рой.
Не заўважылі ў натхненні,
Як бацька трапіў у іх пакой.
Спачатку хлопцы замаўчалі,
Заціх размовы ціхі гул.
А потым дружна запыталі,
Калі і ён у трубу зірнуў:
– Скажы нам, татачка, чаму
Заўсёды зоркі зіхацяць?
Патрэбныя яны каму?
Навошта на зямлю глядзяць?
Як трапілі аж да гары?
Што там у космасе знайшлі?
Ці доўга трэба да зары
Ляцець ад нашае зямлі?
Скажы, чаму не можам мы
Над стрэхамі дамоў лятаць?
Чаму, як рукі не цягні,
Да гарызонту не дастаць?..
Іх бацька не перабіваў,
Толькі кудлаціў валасы.
Слухаў уважліва, маўчаў,
Ледзь усміхаўся ў вусы.
– Як многа хочаце адразу!
Вы ў школу ходзіце цяпер.
Вучыцеся, бо ёсць адказы
Сярод падручнікаў, папер.
Шмат таямніц вакол, сыны!
А трэба класціся ўжо спаць.
Разгадкі знойдуцца, яны
Заўсёды будуць вас чакаць…
Защищено Google CAPTCHA. Политика конфиденциальности и Условия использования. Copyright 2025, Стихи.Бай
2 рецензий к 'ПАДЗОРНАЯ ТРУБА'
Татьяна Богданович
16.03.2025 - 12:35Цікавы верш, дзякуй, Сафія!
Софья Судьина
17.03.2025 - 15:11І Вам дзякуй, Таццяна.
Гэты верш я пасвяціла сваім сынам. Мне вельмі прыемна. што ён Вас зацікавіў.