ЛЁШКІНЫ ЗАБАВЫ
Дождж па шыбе грукатаў
З вечара да ранку.
Ды нарэшце перастаў,
Пазнікалі хмаркі.
Лёшка куртку нацягнуў,
Грымыхнуў дзвярыма
I на вуліцу ўмыкнуў,
Да сяброў, магчыма.
Каля ганку ад нягод
Усё пазалівала.
Лужа аж пад самы плот
Лёшку затрымала.
Захацеў ён пазмяраць
Глыбіню адразу:
– Можа, хлопцаў загукаць,
Пагуляем разам?
Нечакана верабей
З дрэва апусціўся.
Ён да лужы скок хутчэй
Ды вады напіўся.
Лёшка ручкай памахаў
Шэраму знаёмцу.
Той галоўкай паківаў,
Паляцеў да сонца.
Кацяня тут праімчаў
Па сцяжынцы мокрай,
Разагнаўся – не дастаў
Да другога боку.
Смешна лапкамі затрос,
Паглядзеў адважна
І, вышэй задраўшы хвост,
Пабег далей важна.
– Колькі можна ўжо стаяць?
Хлопчык аж падскочыў.
– Буду лодачкі пускаць
З сябрамі да ночы!
Сонца свеціць на двары,
Лужы срэбрам ззяюць.
А вясёлыя сябры
Лодачкі пускаюць!
Защищено Google CAPTCHA. Политика конфиденциальности и Условия использования. Copyright 2025, Стихи.Бай
2 рецензий к 'ЛЁШКІНЫ ЗАБАВЫ'
Людмила Богданова
01.04.2025 - 13:48Спасибо, Софья, за возможность окунуться в беззаботное детство! Читается на одном дыхании.
Софья Судьина
01.04.2025 - 18:21Да, Людмила… я смотрю на своих внуков и вспоминаю своё далёкое детство. Не смотря ни на что, было здорово, и , главное, всё впереди!