Курапаты
Не бойся, як у Курапатах
Ў чырвона-жоўтым верхавецці
Варона закрычыць заўзята,
А рэха стогнам адгукнецца.
Не бойся, як у Курапатах
Нагой зламаеш сук згалелы
І трэск раздасца глухаваты,
А рэха адгукнецца стрэлам.
Не бойся, як у Курапатах
Пачуеш скрып сасны вялікай,
А рэха кіне перакатам
Адчайных чалавечых крыкаў.
Баяцца трэба ў Курапатах,
Што памяць ніткай абарвецца:
Як галасіць будзеш зацята,
А рэха ўжо не адгукнецца.
кастрычнік’2024
Защищено Google CAPTCHA. Политика конфиденциальности и Условия использования. Copyright 2025, Стихи.Бай
2 рецензий к 'Курапаты'
Людмила Богданова
14.07.2025 - 12:44Цікава падаецца думка. Вельмі спадабалася, Ганна!
Ганна Ліпчанская
14.07.2025 - 12:52Дзякую, Людміла!