“Ідзеш у прастор”
Дарога ў кожнага свая,
Шлях праз прасторы, далягляды,
Дзе подых спелага жніўя
Зліецца з водарамі саду.
Павольна крочыш па жніву,
А дзесьці гулка і азябла
У перапрэлую траву
Ўпадзе салодкі спелы яблык.
І кожны пах і кожны гук
Заве, і маніць, і варожыць.
Далёкі дзятлаў перастук
Чамусьці сэрца ўстрывожыць.
Духмянай свежае раллі
Цябе пакліча ціхі голас.
Як сімвал роднае зямлі
Кіўне галоўкай спелы колас.
У светлы радасны прастор,
Дзе колас той, дзе шэпт ракіты,
Дзе месяц у небе поўным зор,
Дзе лесам поле апавіта,
Ідзеш…
Защищено Google CAPTCHA. Политика конфиденциальности и Условия использования. Copyright 2025, Стихи.Бай
Оставить рецензию