Дракула
Я, пэўна, хутка з’еду. Хай даруюць
Усе, каго пакіну. Толькі тут
Застацца трэба сёння для пакут.
Відаць, што зноў на Дракулу палююць…
Сустрэну госця добра, але з мэтай,
Каб ведаў, дзе знаходзіцца той свет,
Які шукаюць людзі пасля гэтай
Нікчэмнай смерці… Вось мой запавет:
Калі няма для Дракулы ахвяры,
Калі не можа ён яе знайсці
Або яе не прывядуць пачвары –
Сама павінна да мяне прыйсці.
Такое правіла. Са мною згодны
Вампіры з Трансільваніі, пакуль
Магчымасць маюць дух пужаць народны
І сцерагчыся срэбраных тых куль,
Што часта ў нашы сэрцы адпраўляюць
Не абаронцы люду, а сыны
Маіх ранейшых ворагаў, бо знаюць
Як цяжка пазбягаць сваёй маны.
Дзе госць мой? Адзінота раздражняе…
Прыйдзі хутчэй, бо цела без крыві!
Дзе чорт цябе, смяротнага, ганяе?!
Прабач, мой госць, жыві пакуль… Жыві.
Нам хопіць часу разам павячэраць,
А заўтра ты ўваскрэснеш, як Хрыстос…
Хоць у Яго не шчыра зараз вераць,
Але прынеслі нек паперак стос
У замак мой мясцовыя сяляне;
Палохалі то крыжам, то Яго
Святою мовай, як ізраільцяне…
Назад пайшлі без Бога і ўсяго,
Што трэба ім для будучыні, веры…
Пайшлі ў нябыт, пакінуўшы жыццё.
Адчынены з тых пор у замку дзверы
Для ўсіх, хто зробіць гэта адкрыццё –
Маўляў, Хрыстос калісьці бессмяротным
У свеце быў і мы, як Ён, памром,
Каб уваскрэснуць зноў у бестурботным,
Найлепшым сэнсе з Ім – Гаспадаром.
2005 г.
Защищено Google CAPTCHA. Политика конфиденциальности и Условия использования. Copyright 2023, Стихи.Бай
Комментировать