Дзень крыху змрочны, не сонечны, сумны…
***
Дзень крыху змрочны, не сонечны, сумны.
Чэрвень прылёг адпачыць.
Нават і вецер сягоння бясшумны,
Хвалі сумоты імчыць…
Поле суседка зялёныя кветкі,
Сын палівае гарод.
Сумна гляджу на занятак суседкі,
Вішні свае – ля варот.
Ціха малюся за лёс Беларусі…
Чэрвень прылёг адпачыць.
Я ж у дзяцінства душою імкнуся,
Сэрца ў дзяцінства імчыць…
Сэрца імчыць у сунічнае ранне,
Ў сонечны бор на мяжы.
Ды немагчыма сягоння спатканне
З борам… Адны міражы!
Пройдзеш алешнік, па полю пакрочыш,
Справа – бярозавы гай.
Ногі ў расе успамінаў памочыш,
Ўспомніш свой родненькі край.
Дойдзеш да бору і знойдзеш паляну,
Сядзеш на ёй адпачыць…
Колькі суніц тут, куды я ні гляну!
Сэрца ў дзяцінства імчыць…
Дзень крыху змрочны, не сонечны. Чэрвень.
Сэрца ў дзяцінства імчыць,
Дзе мяне будзіць чырвоны наш певень…
Болей не будзе будзіць.
Зараз не спіцца, не трэба і пеўня…
Чэрвень прылёг адпачыць.
Ён, як і я, так стаміўся, напэўна.
Сэрца ў дзяцінства імчыць.
Сэрца імчыць у шчаслівае лета
Зноў па чарніцы, грыбы…
Сэрца імчыць у дзяцінства паэта,
Ў дзень мой дзіцячы любы…
Дзень сёння змрочны, не сонечны, душны.
Чэрвень стаміўся і спіць.
Ён, як і я, да ўсяго раўнадушны,
Сумна на лета глядзіць.
Лета – не мэта, і грошы – не мэта,
Слава паэта – лухта.
Толькі адзіным каханнем сагрэты,
А без яго – пустата.
Пуста ў душы, неяк сумна і цяжка.
Стомлены чэрвень ляжыць.
Сэрца ў дзяцінства далёкую казку
З думкамі разам імчыць.
Што застанецца? Ў кагосьці – гектары,
Фірма свая, ці мо свой самалёт…
Вершы пакіну, і светлыя мары,
І не ўзараны нікім агарод.
Дзень крыху змрочны, не сонечны. Ціха.
Чэрвень. Зязюля куе.
Хвалі сумоты імчаць як на ліха.
Сэрца ў дзяцінства заве…
14 – 16. 06. 2023 г.
Защищено Google CAPTCHA. Политика конфиденциальности и Условия использования. Copyright 2025, Стихи.Бай
Оставить рецензию