БЕЛАРУСАЧКА
У Гродне, дзе Нёман складае быліны,
Хвалямі вечнасць хавае,
Дзе каля хат і дубы, і рабіны,
Дзеўчына там падрастае.
Нібы звычайная дзеўчына гэта,
Як усе сяброўкі такая,
Любіць вандроўкі, кіно і сакрэты,
Шчасця, кахання чакае.
Усё захапляе яе, усё хвалюе.
Дбайна адказы шукае,
Што гэтым светам вялікім кіруе,
Чым нас Прырода здзіўляе.
Аб чым вярба ўсё маўчыць церпяліва,
Гледзячы ў даль невясёла?
Што нам шапочуць дубы-старажылы
Ўранку над Нёмнам ля Солаў?
Як гэта Нёман наш петлі звівае,
Каб дасягнуць акіяна?
Што на зарыцы салоўка спявае,
Сонцу складае пашану?
Добрая, чулая, вельмі старанная
Тая з Гародні дзяўчынка.
Чыстай душою ў жыццё закаханая,
Белае Русі часцінка!
Роднай зямлі прыгажосць і прасторы
Ў сэрцы хавае дзявочым .
Лёсу шляхі і ў шчасці, і ў горы
Толькі з Радзімаю прочыць!
Защищено Google CAPTCHA. Политика конфиденциальности и Условия использования. Copyright 2024, Стихи.Бай
Комментировать