Зноў сніцца хата на ўскрайку вёскі
Зноў сніцца хата на ўскрайку вёскі
І ў жытнёвым полі васількі.
Вось бачу ў сне – матуля ставіць кросны
І тчэ прыгожыя свае палавікі.
Адна за адной мільгаюць хутка рукі,
Складаючы дзівосны той узор,
Нібы ўплятаючы і жаўруковы гукі,
І васількі, і промні ясных зор.
Вось на падлогу сцелецца абноўка,
Шкадую, нават на яе ступіць.
Як быццам, каляровая вясёлка
У маёй хаце весела ляжыць.
Мінае ноч, прачнулася прырода,
Мільгнула сонца промнем у акне,
А на душы і боль, і асалода
Ад той сустрэчы з родным домам у сне.
Защищено Google CAPTCHA. Политика конфиденциальности и Условия использования. Copyright 2025, Стихи.Бай
Оставить рецензию