Расцвіла пазахлеўю зялёная бульба…

***
Расцвіла пазахлеўю зялёная бульба.
Патруціць бы жукоў, але кветак шкада.
Падрастае сланечніку шорсткая кульба,
І красуе ў клубніцах трава-лебяда.

Пустацвет агурочкаў на градах жаўцее,
У парнік заляцела нясмела пчала.
Лёгкі ветрык гуляе, і сонейка грэе,
І капуста завязваць сябе пачала.

Стаўбунамі стаіць, як гладышкі, цыбуля,
І рудзее без стрэлак азімы часнок.
Бурачкі прарывае ў бацвінне бабуля.
Яе ўнучка звівае з валошак вянок.

Можа, пойдзе сягоння гуляць на Купалле,
Будзе папараць-кветку дарэмна шукаць…
І плыве над пасёлкам ліпнёвае ранне,
І лягла ў чым была загараць сенажаць.

06. 07. 2025 г.


Пожаловаться на стихи

Оставить рецензию

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Стихи.бай