Яна ішла ўпэўненай хадою

Яна ішла ўпэўненай хадою..
Па небу воблакі кудлатыя плылі.
Сваёю зграбнаю рукою маладою
Айфон трымала, бачыць каб маглі.

Гудзеў навокал горад мітуслівы.
Будынкі-гмахі, людзі-мурашы.
Сігналілі машыны і імкліва
Чаргой бясконцай беглі па шашы.

Сярод сустрэчнага людзей патоку
Заўважыла ружовы капялюш –
Бабуля йшла, а з ёй дзяўчынка збоку.
І галаўны ўбор нібыта з руж..

Раптоўна прыгадалася маленства:
Сяло і хата, плот.. на ім глякі.
І капялюш.. ну што за падабенства!
Адзін у адзін ружовенькі такі.

Як плюхалася ў сажалцы з гусямі,
Свіней як пасвіла, палола буракі.
І сонечнымі цёплымі дзянькамі
Бялізну паласкала ля ракі.

Казу запэцкала ўсю як сажай
Суседскую.. ад рог і да хваста.
Спазнала смак бярозавае кашы,
Пяшчотны дотык крапівы куста.

Дзяцінства нечаканыя ўспаміны
(Прыгоды, рэчка і лясны гушчар)
Адбіліся пагардай у дзяўчыны,
Ляглі на ботаксам нашпігаваны твар.

І з кіслай фанабэрыстаю мінай
Пайшла, як бы нічога й не было,
Бо за яе сутулай крыху спі́най
Шумеў ужо мегаполіс, не сяло.

Пыхліва завітала ў кавярню,
Наведвала якую часцяком,
Рублёў насыпала, сказала фамільярна:
Мне раф.. з альтэрнатыўным малаком.


Пожаловаться на стихи

Оставить рецензию

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Стихи.бай