ЯМА…
Апошні шлях дзяцей Аўраама:
Дзясятак крокаў – далей ЯМА…
Пяць тысяч душ ахвяр бязвінных –
Габрэяў лагераў цывільных –
У Менскім гета растраляных
На дне глыбокай чорнай ямы,
Старых, нямоглых і дзяцей.
Дзе ўся віна, што ты габрэй.
Праз генацыд усяго народа
Пад заклік фюрэра – урода
Тварыўся гвалт і боль крывавы
Фашысцкіх вырадкаў аравы.
Праз пекла здзекаў і разбою
Лілася кроў ахвяр ракою,
У пастцы вогненнай завеі
Знішчалі нацыю габрэяў.
Магілай брацкай стала ЯМА,
Дзяцей сабой закрыла мама,
Ды не змагла бяду адвесці,
Аберагчы ад лютай смерці.
Крычала ЯМА і стагнала,
Праз тыдзень толькі ціха стала.
Замоўклі неба і зямля
Жалобным рэхам у палях.
Вайна сышла, ды боль ад ЯМЫ
У кожным з нас жыве таксама
Як напамін аб халакосце
Мемарыялам на пагосце.
І не забудзем мы пры гэтым
Людзей – паплечнікаў Сусвету,
Хто ратаваў падчас габрэяў
Праз чалавечнасць дабрадзеяў
Пад страхам смерці і няволі,
Быў чалавекам добрай волі!
Бо не кідаюць беларусы
Пад час бяды людзей у скрусе
І тым вайну перамаглі,
Што чалавечнасць збераглі!..
Защищено Google CAPTCHA. Политика конфиденциальности и Условия использования. Copyright 2025, Стихи.Бай
Оставить рецензию