Вясна
Хто перажыў зіму, мацней шануе лета,
Хто прычакаў вясну, той помніць подых сцюж.
За што яе люблю? За прабуджэнне свету,
За ачышчэнне чалавечых душ.
Я з радасцю гляджу, як закрасуе сліва,
І чарада гусей над лесам праляціць.
І як пасля даджу зазелянее ніва,
Ды голас жаўрука над ёю зазвініць.
Люблю дзівіцца, як ў светлую Нядзельку
Дзяўчаты з вербачкай па вуліцы ідуць.
Здаецца, я б заўжды на гэты свет глядзеў бы
Ды слухаў, як чмялі на дзьмухаўцах гудуць.
Прымаю я любыя поры года:
У кожнай прыгажосць і навіна.
Не дзеліць іх паміж сабой прырода,
І ўсё ж такі, вясна. І ўсё ж такі… Вясна!
Защищено Google CAPTCHA. Политика конфиденциальности и Условия использования. Copyright 2025, Стихи.Бай
Оставить рецензию