Вясенняя журба… Запон пашыла мама…
***
Вясенняя журба… Запон пашыла мама…
Перабірала бульбу з капца ў запоне тым…
Капец быў за хляўцом: салома зверху, яма…
Мая святая мама… І я быў маладым…
І слаўся сіні дым вясны па пазахлеўю…
І ля капца наш кот на мышак паляваў…
Ўставала мама рана: відаць, яшчэ да пеўняў…
А наш чырвоны певень, ой, раненька спяваў…
Што на пасеў, у кошык кідала, адбірала…
А дзе, хоць і вялікая, дык парася карміць…
Мая святая мама да пеўняў уставала…
І паспявала ў час заўсёды ўсё зрабіць…
Вясенняя журба… Вярба жаўцее ў полі…
Я абдыму вярбу, ды позна цалаваць…
Стаю ў журбе адзін, у нейкім даўкім болі…
А ўсё ж прыемна мне матулю ўспамінаць…
04. 04. 2026 г.
Защищено Google CAPTCHA. Политика конфиденциальности и Условия использования. Copyright 2025, Стихи.Бай
Оставить рецензию