Альшына, алешына, вольха, альха…

***
Альшына, алешына, вольха, альха…
З дзяцінства люблю я алешнікі
Куточка зямлі, дзе цячэ Церуха
І пышна красуюць падснежнікі.

Дзе рана вясной у алешнік завуць
І белыя, й жоўтыя кветачкі.
Не тыя з блакітам, дзе елкі растуць,
Што тут называюць “пралесачкі”.

Дзе жоўтыя стрэнеш яшчэ касачы,
Дзе поплаў ад лотаці свеціцца,
Празрыстай крыніцы бурболяць ключы
І доўга да восені леціцца.

Дзе чорнай смароды настоены пах
З алешніку водарам выплыве,
Дзе шэрая чапля – наш фірменны птах,
Дзе бусел удумліва клыпае.

Дзе грэюць на купінах жабы бакі,
Дзе вольха – суседка з малінаю,
Дзе ўюць свае гнёзды высока гракі,
Дзе восень ірдзее калінаю.

Дзе хмель абвівае алешыны ствол,
Нібыта матулю любімую,
Дзе радасць жыцця і свабоды вакол,
Што я й называю Радзімаю.

31. 01. 2024 г.


Оставить рецензию

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Стихи.бай