Камагор – бог Оршы / Легенда пра Камагора (апавяданне)

Your page rank:

Падчас руска-літоўскай вайны, у канцы жніўня 1514 года жыхары Оршы былі на мяжы адчаю. А тым часам да горада набліжаліся рускія войскі. Бяда была ў тым, што горад страціў сувязь з дзяржаўным войскам, і ніхто не ведаў яго планы. Разам з сувяззю знік і давер да ўладаў, жыхары бунтавалі, станавіліся разбойнікамі і людажэрамі. У іх былі прычыны для страху – многія яшчэ памяталі, як пятнаццаць гадоў таму Орша была захоплена разам з яе замкам, і не так даўно горад перажыў некалькі аблог. Жыхары стаміліся і былі гатовыя аддаць што заўгодна, каб іх ніхто больш не чапаў.

Праваслаўны святар Анастас, настаяцель царквы Ільі прарока, бачыў гэтую спусташальную карціну і паступова вар’яцеў. З цягам часу яго гнеў ад нясправядлівасці дасягнуў піка і ён адрокся ад Хрыста. У злосці пракляўшы Бога, ён разбурыў свой храм, які стаяў на балоце нянавісці (так яго ў народзе называлі мясцовыя жыхары, бо ненавідзелі гэтае тарфяное балота і прасілі ўлады спаліць яго).

Анастас стаяў на гары попелу, і раптам да яго дакранулася кастлявая рука. Ён павярнуўся і ўбачыў высокага, але схуднелага бледнага хлопца з рэдкімі зубамі і валоссем. Ён стомлена аблакаціўся на кіёк, верхні канец якога складаўся з металічных прутоў, завітых ў паўмесяц. Хлопец назваўся Мурахам, і распавёў як ўцёк са спаленага і разрабаванага толькі што Віцебску. Анастасу хлопец прынёс жахлівыя навіны, якія канчаткова дабілі святара: маскоўскіх войскаў безліч, у іх нейкая новая сакрэтная зброя ад Тэўтонскага ордэну, і яны знішчаюць усё на сваім шляху. І тут, Мурах даў яму незвычайную прапанову: Аказваецца, ён належыць да клану некрамантаў, з якога яго выгналі за свавольства, і дарма, бо хлопец настолькі моцны, што зможа нават стаць новым богам. Для гэтага яны мусяць заключыць са святаром змову – Анастас да канца сваіх дзён служыць Мураху, а ўзамен Некрамант вечна ахоўвае Оршу ад любых ворагаў.

Нягледзячы на накал эмоцый, Анастас паставіўся да дзіўнага незнаёмца скептычна і прывёў яго да аршанскага дзяржаўца па прозвішчы Заслаўскі, які таксама быў у вялікай разгубленасці і рыхтаваўся да абароны горада. Анастаса з Мурахам ён нават і слухаць не стаў, бо быў заняты вайсковымі справамі. Дзяржаўца кінуў толькі адну фразу: “Калі твой некрамант знішчыць усіх ворагаў на свеце, я гатовы прадаць душу д’ябалу, на гэта маёй згоды ня трэба”.

Анастас застаўся сам-насам з некрамантам. Каб пераканацца ў яго сіле, святар папрасіў яго паказаць некалькі цудаў. Мурах не заставіў яго прасіць двойчы. Ён кінуў свой кіёк проста ў сцену аршанскага замка, каля якога яны абодва стаялі. На вялікі жах Анастаса, вялікасная пабудова разляцелася літаральна ў пыл і закружылася на месцы ў віхоры. Нават тых, хто быў унутры не відаць – яны нібыта зніклі.

Анастас стаяў у здзіўленні, разінуўшы рот. Мурах тым часам не спыняўся. Кіёк сам прыляцеў у яго рукі, пасля чаго замак вярнуўся у зыходную пазіцыю. Потым некрамант уваткнуў кіёк у зямлю, з якой адразу пацекла чорная вадкасць, і пачаў круціць яго па гадзіннікавай стрэлцы. Разам з тым тры бліжэйшыя да іх гаспадарчыя будынкі выцягнуліся, як гнуткая смала, і пачалі сплятацца паміж сабою. Калі Мурах пакруціў кіёк ў адваротны бок, то будынкі зноў сталі нармальнымі.

– Чыёй сілай ты гэта робіш? – Спытаў уражаны святар.

– Хіба гэта мае значэння? – З загадкавай усмешкай спытаў мурах. – Вораг хоча знішчыць гэтае места, і вам не ўратавацца без маёй сілы. Адбудзецца вялікая бітва, ад якой памруць амаль усе тут, потым сюды прыдуць новыя, якія будуць гінуць ад кожнай бітвы зноў і зноў. Ды навошта казаць, лепш сам паглядзі.

Хлопец падняў кіёк у гору і гучна сказаў: “Птушыч тлайн!” – фразу на мове, якую ніхто ў гэтым краі ніколі не чуў. Адразу за яго спінай з’явіліся срэбраныя крылы, ад якіх смярдзела холадам і смерцю. Анастас не вытрымаў, і з жахлівым крыкам пабег прэч, але як уцячы ад крылатага чалавека? Той схапіў яго пад рукі і ўзнёсся разам з ім у неба. Анастас спачатку заплюшчыў вочы рукамі, а з цягам часу прыбраў рукі. Вакол былі толькі хмары. “Ці магчыма гэта?” – падумаў ён.

Невядома, як доўга яны ляцелі, але раптам скапленне хмараў скончылася, і лятуны апынуліся над палямі. І вось, на гэтым полі Анастас убачыў бясконцае рускае войска. Там былі сотні тысяч воінаў, якія рухаліся ў бок Оршы. Яны неслі вялікую і страшную зброю, якую святар не бачыў у жыцці, і пра якую нідзе не чуў і не чытаў. Яна выглядала як галава цмока з вогненымі вачыма. Мурах надзвычай хутка пранёс Анастаса яшчэ з дзясятак міль назад – у тое месца, адкуль прыйшлі гэтыя войскі. Там, сярод пажараў і попелу ляжалі рэшткі вялікіх каменных пабудоў. А над імі ўзвышаліся вялізарныя горы цел воінаў і цывільных жыхароў. “Гэта ўсё, што яны пакінулі ад Віцебска” – раздаўся над вухам халодны голас. Гэтая карціна кінула ў сапраўдную тугу Анастаса і заставіла яго сэрца аблівацца крывёй – ужо які раз за дзень.

– Вось і думай святар. – Пачуўся над галавой голас Мураха. – Тое войска з дня на дзень будзе рабаваць твой родны горад. І якога бога побач ты хочаш бачыць – Свайго ці майго?

– Ніводнага. – Задумлівым і расхваляваным голасам сказаў Анастас. – То бок… Ніводнага цуда ад пана Езуса я не бачыў у сваім жыцці, толькі тыя пустыя кнігі. А сёння я пабачыў дастаткова, каб пераканацца, які бог рэальны.

– Маеш рацыю – З усмешкай прамовіў некрамант. – Але я нешта удакладню: Нада мною ўсё ж такі няма аніякага бога – я сам сабе бог! І калі ты лічыш, што твой народ мае права на выжыванне, то ты можа прызнаць мяне і сваім богам, і богам Оршы. Калі на гэта патрабуецца згода кожнага жыхара…

– Я прызнаю цябе сваім богам і богам Оршы. – Дрыжачым, амаль плаксівым голасам сказаў святар. – Упэўнены, што жыхары маюць патрэбу ў новым бозе. Езус, якогога я прапаведаваў, не абараніў іх, тады я прывяду ім новага бога. Я вінаваты, і я гэта выпраўлю.

Святар, які яшчэ раніцай літаральна забіў у сябе сваю веру, канчаткова прысягнуў новаму богу. Але Мурах быў толькі чалавекам, хай і незвычайным. Гэты некрамант распавёў пра найстаражытнейшы рытуал, які ён сам і адкрыў. Гэты рытуал мусіць даць Мураху сапраўдную боскую сілу. Але дзейнічаць трэба было ў пэўным парадку.

У гэты ж дзень Анастас склікаў народ каля руін сваёй царквы і пачаў агучваць загады Мураха, аб’явіўшы сябе жрацом новага бога. Мурах загадаў расплавіць усё золата, якое толькі знойдзецца ў горадзе. У грамадстве панаваў раскол, таму не кожны хацеў даваць сваё золата, якое мелася па розных прычынах. Нягледзячы на забарону аршанскага дзяржаўцы, які не ўспрымаў у сур’ёз некраманта, самыя радыкальныя грамадзяне уварваліся ў аршанскі замак і вынеслі адтуль некалькі мехаў залатых упрыгажэнняў. Таксама яны паабкалочвалі сваіх суседзяў і прынеслі сваё золата. Анастас дадаў залатое начынне са сваёй разбуранай царквы. Калі мясцовы каваль плавіў сабранае золата, Мурах нешта прабубнеў на невядомай мове і парэзаў сябе далонь проста над расплавам. Так яго кроў змяшалася з аршанскім золатам.

Але гэта было толькі пачаткам. Мурах наклаў на Анастаса нейкія свае чары з-за якіх той, нібы заварожаны, пачаў энэргічна пісаць горы тэксту тым самым плаўленым золатам, як чарніламі. Апантаны жрэц няспынна нешта пісаў дзесяць гадзін на Мурахавай іншаземнай, але надзвычай цвёрдай паперы шэрага колеру. Нарэшце, ён склаў усе лісты і кавалкі паперы ў адну вокладку са скуры мядзведзя, і ў яго атрымалася кніга. Мурах паклаў руку на плячо Анастасу і сказаў, што гэта яшчэ не новая Біблія, але яго прадвеснік – кніга, якая закладзе ўсе правілы новага сусвету, які ён створыць. Ён усклаў рукі на кнігу і зноў прачытаў нейкі праклён. “Ад гэтага часу ты завешся “Кніга ерэтыкоў”” – металічным голасам вымавіў Мурах.

Далей, па словах Мураха, пачалося самае галоўнае і адказнае – рытуал. Па свяшчэнным загадзе некраманта, яго жыўцом утапілі ў балоце нянавісці разам з яго кійком, і падпалілі гэты самы тарфянік. Анастас прачытаў над гэтай “магілай” адзначаныя ў кнізе заклёны на ўсё той жа складанай мове. Некрамант загадаў чакаць аршанцам тры дні – менавіта столькі трэба, каб ён магічна ператварыўся ў бога, і столькі засталося да нападу ворага. Усе гэтыя дні Анастас хадзіў па горадзе, збіраў народ і актыўна прапаведаваў новага, пакуль безыменнага бога, які праз тры дні прыйдзе і ўратуе Оршу. Аршанскі дзяржаўца, шчыры хрысціянін, быў незадаволены паводзінамі святара, але па старому сяброўству вырашыў не чапаць яго і яго напружаных прыхільнікаў. Ён спакойна вёў сваю агітацыю ў адказ, і заклікаў да спакою.

Праз тры дні варожыя войскі ўжо падыходзілі да горада, але спыніліся ў ста кроках ад вежаў. А вартавыя пад кіраўніцтвам дзяржаўцы ўжо былі гатовыя аддаць сваё жыццё за Оршу. Тым часам, новы прарок і яго паслядоўнікі сабраліся на месцы “пахавання”. І вось, на світанку, балота ў іх на вачах ўпіталася ў зямлю, знікнуўшы назаўсёды, а на яго месце з’явілася зусім іншая істота, якая толькі крыху нагадвала таго самага некраманта. Гэта ўжо быў сапраўдны бог.

Над горадам паўстаў сапраўдны тытан, ці, як іх у нас называюць, волат. Нават самыя высокія пабудовы ў горадзе былі яму да калена. Гэта была вялікая, чалавекападобная істота з бледна-сіняй скурай з зялёным адценнем. Цела бажаства было мускулістае, цалкам злівалася з яскравым полымем, якое аднак не не спальвала яго. Вопрадка аднак, адсутнічала на ім. Ён схіліўся над сваімі паслядоўнікамі, якія ўбачылі не менш жахлівы і велічны твар. Яго вочы без колеру і зрэнак глядзелі на ўсё наваколле і дапаўнялі страшную ўсмешку з вялікіх зубоў і клыкоў, якая зводзіла з глузду ўсіх, хто на яе глядзеў. На галаве ў яго змяшчаліся гіганцкія вострыя вушы і пяць вялікіх казліных рагоў – чатыры па баках, і адзін на самай макушцы. А кіёк, якім карыстаўся некрамант пры жыцці, ператварыўся ў вялікі посах вышынёю з яго ўладальніка.

Анастас і яго паства ўпалі на калені перад сваім новым богам. Нават некаторыя аршанскія воіны на вежы заўважылі вялікую пачвару над горадам і ў жаху знерухомелі. А варожае войска ўсё чакала нечага, не спяшаючыся атакаваць. Яны не бачылі бажаство, для іх ўсё выглядала як невялікі пажар ў горадзе. Новы жрэц дрыжачым голасам спытаў:

– Як нам цябе называць, наш новы Уладар?

Жудасны бог, які сваім выглядам больш наводзіў дэманічны жах, чым любоў, расчыніў сваю пашчу і прамовіў голасам, падобным на рыканне мядзведзя:

– Камагор, маё імя!

Пасля гэтага, бог выпрастаў сваю руку далоняй у неба, і з яе раптоўна паліўся вогнены слуп у неба. Менавіта ў гэты момант рускае войска вырашыла атакаваць Оршу. Палова вартавых усё яшчэ збянтэжана стаялі ў нерухомасці. Камагор не стаў доўга чакаць і цяжкім поступам закрочыў да месца бойкі, якая за гэтыя імгненні ўжо паспела перакінуцца ў Оршу – абарона горада была прабіта па невядомых прычынах. Нарэшце, бога ўбачыў кожны воін па абодва бакі, і варожы наступ захліпнуўся. У руках Камагора аднекуль узніклі гіганцкія распаленыя ланцугі з такімі жа шарамі на канцы, на якіх былі шыпы. Бажаство з дзікім рогатам накінулася на воінаў, якія ці ў жаху аслупянелі, ці пабеглі прэч. Пачуліся жахлівыя крыкі і стогны, як у пекле, у перамешку з ляскам ланцугоў і землятрусамі.

Воіны, якія ўсемі сіламі намагаліся супрацьстаяць магутнай і жахлівай істоце, былі нават з боку аршанцаў (бо ніхто з салдатаў не разумеў, на чыім баку Камагор быў). Але бессэнсоўна было бегчы, а тых, хто змагаўся з богам, чакала яшчэ больш жахлівая смерць. Толькі жыхароў Оршы і яе заступнікаў Камагор не крануў. Праз некалькі хвілін крывавай бойні войска было цалкам знішчана.

Каб пераканаць рэшту аршанцаў, якая яшчэ сумнявалася, Камагор аднавіў парушаную вежу і прыбраў усе пашкоджанні горада адным толькі крананнем свайго посаху. Сваім голасам, які не быў падобны на чалавечы і ўвогуле зямны, Камагор абвясціў сябе адзіным і вечным богам Оршы, сіла якога вечна будзе ахоўваць Оршу ад любых ворагаў. Узамен, аршанцы павінны будуць слухацца яго і выконваць запаведзі, якія Камагор толькі збіраўся даць жыхарам праз Анастаса – свайго прарока. Былы святар тым часам упаў на калені перад Камагорам, а за ім і ўся Орша. Для горада пачалася новая эпоха, якая працягваецца і сёння, і скончыцца толькі згодна прароцтву. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя…


Оставить рецензию

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Стихи.бай