Дамавіна (баляда)

У лесе глыбокім я раз заблукаў:
Між хвойнікаў крочыў, ялюгамі йшоў
Ды выйсьце стуль доўга і марна шукаў,
З краіны лішайнікаў, вогкіх імхоў.

Здавалася, выйшаў на сьцежку я вось,
Каторая снадзь да ратунку вядзе —
Ды літавацца не зьбіраўся мой лёс,
Бо кожная сьцежка кругамі ідзе.

Мяне ўсё мацней апаноўваў адчай,
Спадзевы ня меў я ўжо выбрацца болей.
Прарваўся скрозь хмыз, перакрочыў ручай
Ды ўпаў на калені, што нылі ад болю.

Згубіўшы надзею любую нарэшце,
Гатовы быў здацца і зьнікнуць навекі:
Растаў бы я ў нетрах ці ўплыў, мо, па рэчцы
У вырай далёкі, прыкрыўшы павекі.

Ды позірк падняўшы, убачыў я дзіва:
Між сосен вячыстых, на ўзгорку здалёк
Цямнела трухлявым бярвеньнем хаціна
На ножках курных з высачэзных камлёў.

Як быццам на лапах зьвярыных. Бяз вокнаў,
З разьбою закрыліны, нізкія дзьверы.
Нібыта ў два сьветы глядзяць нелагодна
На вільчыку зьмеі, што брамнікі верныя.

“Хто домік паставіць у гэтакай пушчы
Між дрэваў-асілкаў і зарасьляў мог?”
— Зьдзівіўся я. Здолеўшы ўсё ж маладушша,
Пайшоў я шукаць, дзе ў той хаты парог.

Ляжыць пад ёй лесьвіца-слуп зь бервяна.
Паставіў яе я, на ґанак залез —
І перада мною крывая сьцяна
Дзьвярмі прагна шчэрыцца ў вусьцішны лес.

Над імі быў немудрагелісты ўзор:
Трохкутнікі, ромбы, слупочак з паўколам.
А з краю страхі быў пасыпаўся дор,
Калі я пастукаў у дзьверцы раптоўна.

Хаця я адповедзі не дачакаўся,
Яны разнасьцежыліся акурат —
Я ў цемру касога праёму падаўся,
Сагнуўшыся, мо, ў тры пагібелі нат.

Зы скрыпам за мной зачыніліся дзьверы.
Ды вочы звыкалі няхутка да змроку,
Бо толькі малыя пукі дзённай белі
Прасочваліся праз шчыліны патроху.

Тут сырасьцю пахла, зямлёй, старым дрэвам.
Зусім трошкі воскам, ігліцаю, воўнаю.
Падлога засланая лісьцем сапрэлым,
Ды хата пранізьлівым холадам поўная.

І гэтак няўтульна мне стала ў тым доме,
Як быццам у склеп завітаў. Але ўсё жа
Я ў лес вечаровы вярнуцца ня здолеў,
Каб рухнуць бязь сіл пасярод падарожжа.

Хаця дом закінуты быў, змрачнаваты,
Нібыта ня жыў тут даўно ўжо ніхто,
Стаяў збоку столік із хлебам бухматым,
Як быццам паклалі яго толькі што.

Я ў цемру ўглядзеўся: вісеў на сьцяне,
Пад самай страхой, чэрап вольнага тура.
Спавіў знобкі страх неадольна мяне:
Нашто ён між лесу ў хаціне хаўтурнай?

Ды тут абамлеў я: пад чэрапам тым
Засланы тканінаю ложак мясьціўся.
На ложку — дашчаным, высокім, крутым —
Сівы, нібы лунь, там стары прымасьціўся.

Глядзеў абыякава ў столь над сабою:
Нічога, здаецца, ён не заўважаў.
Зрабіў дробны крок я здранцьвелай нагою
Туды, дзе старэча таемны ляжаў.

Ляжаў у кашулі з узорам чырвоным,
У воўчую шкуру паверх апрануты.
Зьнячэўку зірнуў мне ў зяніцы сувора,
Скаваўшы, нібы ў невідочныя путы:

Ня мог я ні рушыць, ні вымавіць слова.
А старац падняўся з пасьцелі марудна
Ды цяжкімі ботамі стаў на падлогу,
Пустымі вачыма ён бегаў падспудна.

Трымаў канапляную шворку ў руцэ,
На ёй — кіпцюры невядомага зьвера.
Ён, выпрастаўшыся, зноў зырыў цяпер —
І холад адчайны скаваў маё цела.

Здавалася, ростам пад самую столь,
Нагадваў даўнішняга волата ён.
А голас хрыпаты ў мне выклікаў боль,
Ударыўшы ў вушы халодным агнём:

“Нашто патрывожыў, няпрошаны госьцю,
Ты прашчура сон бестурботна-магільны?
Пабачыць прыйшоў, як гніюць нашы косьці,
У корстах марнеючы друзла й бясьсільна?”

Ня знаў, што сказаць, я, і як апраўдацца.
Стаяў скамянеўшы, тарашчыўся з жахам.
Асілак нязграбна па хаце бадзяўся —
І тхнуць пачынала мярцьвяцкім мне пахам.

А зрак затуманеных сподкаў-вачэй,
Застылых на мне, ўжо зьдзічэлы быў,
Ды голас ягоны грамчэй і грамчэй
Гучаў у цямноце драўлянага чэрава:

“Навокал парэшткі людзей тых спачылі,
Хто пеў роднай мовай пра пушчы, дубровы,
Хто ўласным жыцьцём заплаціў за айчыну.
Дык дзе ж тыя песьні, дзе іхняя мова?

Ня ў трунах гніём мы, а ў сэрцах нашчадкаў,
Што здрадзілі продкам, паконы забылі.
Праз страх, раўнадушша такіх вось ападкаў,
Што проста як ты, сваю самасьць згубілі!”

Грымеў навальніцаю голас магутны,
Скакаў у празрыстых вачох люты вір.
Тут змоўк гаспадар і задумаўся рупна.
Ён ціха ды грозна цяпер гаварыў:

“Ты думаеш, ты заблукаў проста так?
Лясныя сьцяжыны вядуць, куды трэба.
Калі ты патрапіў сюды — гэта знак,
Што блізіцца час узьяднаньня твой з глебай.

Калі ты забыесься й здрадзіш той сіле,
Якую табе завяшчалі дзяды —
Памрэш і ня знойдзеш спакою ў магіле,
Твой сьлед на зямлі прападзе назаўжды,

І будзеш ты вечна туляцца па лесе,
Шукаючы гэтую зэшлую хату,
Дзе ўрэшце спачыць мог бы дух твой балесны
З такімі ж забытымі зданямі ў спрату”.

Нябожчык маўчаў, абапёршыся ў сьцену,
Ды сумна глядзеў на мяне спадылба.
У зрэнках, здалося, яркнула спадзева —
На пашчу дзьвярэй ён рукою падаў:

“Ты бачыш? Тут сонца”, — стары паказаў
На крыжык у коле над тымі дзьвярмі. —
“Сышлі мы, каб волю даць новым часам,
Каб вы пад тым сонцам радзіцца маглі.

Ці й ты не забудзеш пра дзедзіцтва наша?
Ці звычаі продкаў ты перадасі?
Такі запавет наш ці зьдзейсьніш адважна?”
Кіўнуў я — сказаў ён: “Дык сыне, ідзі!”

Сьцяна расчынілася — срэбраны шлях
Праз гушчар пралёг пуцяводнаю ніцьцю.
Ступіў на яго — ды распалася ў прах
За сьпінай маёю лясная грабніца.

Пайшоў асьцярожна я. Быццам крышталь,
Зьвінела пуціна пад ботам маім.
Мне мроілася, шлях у срэбную даль
Акружаны шыхтам прывідна-сівым.

Я бег, пада мной зіхацела дарога,
Падковай на небе блішчаў маладзік.
Ды тут аступіўся я, ўпаў незнарокам —
Здалося на хвілю, што сьвет гэты зьнік.

Падняў галаву я зь вільготнай травы:
Палала над руньню шырокай дзяньніца,
Застаўся за сьпінаю лес векавы,
Асьветлены быў кругавід зараніцай.

Вось выйсьце, якога шукаў я так доўга.
Але засталіся ў маёй галаве
Навечным адбіткам прамовы старога,
Пакінуты мне ім сьвяты запавет.

Здаваліся іншымі поле і весі,
Паквапныя фарбы радзімых кутоў
І красак мядовых стракатая дэсань.
Здалося, што я нарадзіўся ізноў.

Чэрвень-жнівень 2025

(Ялюга — балота, зарослае ельнікам ды хмызьняком;
Снадзь — пэўна, канечне, відавочна;
Закрыліны — дошкі, якія закрываюць тарэц даху;
Корст — труна,
Зрак — позірк,
Пакон — звычай,
Ападак — плод, які адпаў ад дрэва; тут: чалавек, які выракся сваёй мовы, культуры, традыцый і звычаяў;
Зэшлы — стары,
Дзедзіцтва — спадчына,
Шыхт — атрад, шарэнга;
Весь — вёска,
Паквапны — прывабны)


Пожаловаться на стихи

Оставить рецензию

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Стихи.бай