Стары дом

Вядзе дарога да заснежанае вёскі,
Там на ўскрайку дом стары стаіць,
У плоце паадвальваліся доскі,
Прыгледзешся – ён быццам ціха спіць…

“Што бачыш ты ў снах сівых, Старэча,
Як месяц не выглядвае з-за хмар?”
Мо гаспадыня ўвіхаецца ля печы,
А ў сенцах нешта ладзіць гаспадар?

Даўно тут не скрыпелі палавіцы,
Сцяжынкі белым снегам замяло…
І толькі мышы скачуць па паліцы,
Ды вецер стукае ў трэснутае шкло…

Ці мабыць мроіцца табе, як на Вялікдзень
Садзяцца да святочнага стала?
Зіма мінула, хутка лета прыйдзе –
Пакоі поўныя надзеі і святла.

Малодшы сын, як адыходзіў у войска
Ў край суровы тундры і снягоў,
Пад вокны з лесу пасадзіў бярозку,
Прасіў, каб дачакалася яго.

Бяроза вырасла, шуміць, гудзе ля хаты,
У рэчцы шмат сплыло с тых пор вады…
Даўным-даўно прайшлі ўжо ўсе даты,
А хлопец не вяртаецца сюды.

Яшчэ, бы камень, зруб, фундамент цэлы –
Умелі справу ладзіць мужыкі.
Усё зроблена з душой рукой умелай,
Здавалася, што прастаіць вякі.

Без спросу дзічка вырасла над ганкам,
Ад часу, пэўна, уржавеў замок…
Ня верыцца, што зноў Калядным ранкам
Увысь над комінам пацягнецца дымок.


Пожаловаться на стихи

Оставить рецензию

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Стихи.бай