Сяло Вялікія галушкі…
Сяло Вялікія галушкі
Было ў раёне на слыху.
Сюжэт амаль для кінастужкі,
Ну і для зайздрасці крыху..
Пісала пра яго газета:
Нібыта там аграрны рай,
Што бульба за адное лета
Дала там трэці ўжо ўраджай!
Збіраюць там з куста парэчак
Адборных ягад грузавік.
І што ў сяле ні чалавеча —
То гаспадар-перадавік.
Нямае большага там свята,
Калі суботнік.. ясны дзень..
З сярпом у полі ты заўзята
Снуеш бы ў статку авадзень.
Там люд заўсёды ў весялосці,
Жыве сабе, не дуе ў вус.
Не грэюць дзядзькі чаркай косці,
Не ведаюць такіх спакус.
А магазінныя прылаўкі
Збіваюць з фота прама з ног:
Без крыку, гвалту, нават даўкі
Бяры алей, муку, гарох..
Там прагрэсіўнае грамадства
Жыве без пенсіі даўно.
Да ста гадоў, лічы, юнацтва –
Шчыруй, працоўнае звяно!
Ляцяць артыкулы газеты,
Бянтэжаць здзіўлены народ.
У чым там справа? Ў чым сакрэты?
Чаму жыццё там казка, мёд?
Ды як і дзе шукаць адказы,
Калі ніводзін чалавек
У тым сяле не быў ні разу.
Знайсці ж яго патрэбна нек..
Пісалі людзі ў газету,
Рабілі запыт у выканкам.
На аўтастанцыі кабета
Падняла з абурэннем гам.
Каб паглядзець адным хоць вокам,
Хоць каб адной ступіць нагой..
Малых галушак шмат навокал,
А каб вялікай – ні адной!
Защищено Google CAPTCHA. Политика конфиденциальности и Условия использования. Copyright 2025, Стихи.Бай
Оставить рецензию