Старонкі дзённіка прынёс…
***
Амбіцыйнаму паэту
Старонкі дзённіка прынёс
Паэт з амбіцыямі ў “Нёман”.
Там пара слоў пра сінь нябёс,
Астатняе – пра сэрца стому:
Пра бездухоўнасць, пра народ,
Чыноўнікаў і нашу мову.
Надрукавалі – пра гарод,
Дарогу ў полі і карову.
А вось пра іншае – ні-ні,
Бо бездухоўнасці не маем,
Жывём духоўна ў цішыні
І мову моўчкі паважаем.
Старонкі дзённіка прынёс
Паэт з амбіцыямі ў “Нёман”.
Ён думаў, што нясе свой лёс,
Надрукавалі ж толькі гоман
Пра радасць жыць тут і тварыць,
Дзе мова родная квітнее.
А іншага й не можа быць:
Паэт жыцця не разумее.
05. 03. 2024 г.
Защищено Google CAPTCHA. Политика конфиденциальности и Условия использования. Copyright 2025, Стихи.Бай
Оставить рецензию