Снег ідзе, і ідзе, і ідзе…
***
Снег ідзе, і ідзе, і ідзе…
Заўтра зноў праваслаўнае свята.
І жыццё, як кругі на вадзе,
Заціхае, а снежная вата
Ўсё ляціць, і ляціць, і ляціць…
Трэба жыць, і тварыць, і маліцца.
А Айчына глядзіць і маўчыць.
Трэба ў ёй і ў сабе затаіцца.
Затаіцца, прыпасці да шкла,
Да зімы прытуліцца душою,
Не згубіць ні сябе, ні цяпла
У Айчыне, што стала чужою.
Не мая, не мая, не мая…
Але трэба тварыць і маліцца,
Каб змагла калі-небудзь зямля
Чысцінёй маіх слоў наталіцца.
03. 12. 2023 г.
Защищено Google CAPTCHA. Политика конфиденциальности и Условия использования. Copyright 2025, Стихи.Бай
Оставить рецензию