Саўлеская борка (гістарычная баляда)

Прысьвячаецца памяці ваяроў, загінулых 22 верасьня 1236 году. Напісана з нагоды Дня адзінства балтаў увосень 2025 року.

Шыхтамі хіжымі ў лес напрасткі
Трактам шырокім ідуць крыжакі:
Блішчыць жалеза ды пырхаюць коні,
Гнуцца пад ботам жамойцкія гоні.

Цягнуць вазы яны з футрам, бурштынам,
Срэбныя стоды валочаць, сьвятыні.
Крочаць палонныя, гнаныя дзідамі —
Больш не пабачыць радзімыя віды ім.

Дзе ж абаронцы зямлі рабаванай?
Выйдзе на бой хтосьці позна ці рана?
Пушчай багністай хаваюцца воі,
З жудам чакаючы войска чужое.

Процьма пацятых, параненых многа:
Хтосьці ў пісагах, а хтось аднаногі.
Месьцічы ў войска, сяляне пайшлі,
Ворага згнаць каб з уласнай зямлі.

З капішча, што зруйнавалі захопнікі,
Лучнікам стаў вайдэлёт, наяў годным каб
Чынам адпомсьціць зьнішчальнікам храмаў,
Тым, што нанесьлі багом столькі шрамаў.

Лесам ідзе ўжо варожая раць —
Стаў у рушэньні адчай панаваць.
Кунігас даці ня важыць сыґнал,
Бачачы латаў крыжацкіх мэтал.

Кінуўшы позірк на раненых хмуры,
Меч увагнаў ён у похву панура:
Нельга адолець такіх мнагавояў —
Князь аб тым нават ужо і ня мроіў.

Раптам сышоў з укрыцьця вайдэлёт,
Хмызы й жымервы прайшоў навылёт.
Ён не глядзеў ні наўзбоч, ні пад ногі,
Толькі на ворага йшоў, да дарогі.

Стаў на валун велізарны ды востры —
Прывідам бусым узьнёсься над войскам.
Вогнішча ў зрэнках ягоных палала,
Быццам гарэлі баршчовыя лалы.

Раць супынілася, стала калёна:
Ўсе на жраца стуль глядзяць падазрона.
Кметы мячы агалілі пыхата,
Ждуць, што прамовіць той старац клыбаты.

Жджэ й апалчэньне прамоваў ягоных
Стоена ў хмызах наўкол, пакрыёма.
Кінуўшы зброю, да неба ён рукі
Ўзьнёс у малітве натхняльнай ды рупнай.

Малітва вайдэлёта

О Дзевас-Дзіверыксе, нябёсаў валадару,
Акопірнасе — першы між багоў!
О Перкуна́-Перкунса́, бязьлітасны ваяру,
Дундару, стваральніча вагню!
О Жэміна-матухна, сьвятая карміліца,
І ўсе багі! Да вас я заклікаю!
Адчуйце ж бязраднага служку свайго,
Модлы мае лепа выслухайце.

Напаў арол на вужа хцівы:
Зекры хоча выдзеўбці ґлюґаю прагна,
Луску жадае зьняці жыўцом ды струбіці,
Кроў гарачую зжлукціць алкае.

Так вешчуноў нашых праніклівых забіці хочуць,
Гаі сьвятыя сьсекчы ды крыніцы панішчыці,
А душу ад каранёў уласных адарваці,
Бо вораг прыйшоў на зямлю крывейтаў —
Арол такі самы, з крыжом і мячом.

Благаю вас, багі, не для се нікаліва,
Але дзеля ўсяго нашага племені вялікага:
Жамойтаў, і Зэмгалаў, і Селаў, і Латгалаў,
І Куршаў, і Яцьвягаў, Ліцьвінаў, Крывічоў,
Што дзе-нідзе шчэ хаваюць паконы прашчураў,
— Дзеля Совіцы ўсяе малю вас адчайна:

Дапамажэце нам здолеці ворага страшнага —
І хай ад Прусаў да Павочча, з Рамувы да Полацку
Чуцьмуць, як баронім мы веру дзядоўскую.

Праклянеце ж усіх тых, што капішчы паляць,
Што дубы сьсякаюць і стоды трушчаць,
Камяні ды крыніцы пляжаць падступна!
Хай адчуюць яны ня толькі шал наскі,
Але й гнеў агністы нашых багоў!

— — — — —

Раптам ударыла ў дол бліскавіца —
Вогнішча ўспыхнула, быццам бы віца.
Разам з атрадам з-за каменю сьмела
Кунігас выйшаў, а неба грымела.

Шыхт скалануўся, спужаліся коні,
Сьціснулі ўсе харалугі ў далонях.
Восеньскі дождж аб зямлю звонка ўдарыў —
Князь рэзка ў рог затрубіў, бы ў фанфару.

Выйшлі з укрыцьцяў натхнёныя воі,
Стырчма трымаючы ўласную зброю.
Валка пачалася ў лесе маўклівым,
Крыкі разносячы рэхам страхлівым,

Бразґат жалеза ды ржаньне кабыл.
Скора крывёй лес напоўнены быў.
Балты ўсё ціснуць — крыжацкія шыхты
Ўжо разваліліся, латы, як дыхту,

Корды ваярства жамойцкага нішчаць.
Рыцары ў твань адступаюць — і блішчаць,
Тонучы ў дрыгве, закутыя уды —
Так гіне вораг страшэнны ды люты.

— — — — —

Ўрэшце патух страшнай сечы пажар —
Целамі ўсыпаны белькі ды ўжар.
Моўчкі стаіць ашаломлены лес:
Поўны ён скрухі ды горычы ўвесь.

Ходзіць між трупаў засмучаны князь.
Мёртвых шукае, ўзіраецца ў гразь —
Лічыць палеглых заступнікаў вадас,
З жахам узгадвае боркі той галас..

Раптам між вояў і коняў забітых
Бачыць знаёмы ён лік: паўзакрытых
Зекраў ірдзеньне амаль што жывое,
Зморшчаны твар з барадою сівою..

Там, дзе дарога зьмяняецца слотай,
Бачыць забітага ён вайдэлёта.
Князь падышоў, уздыхнуў, зьняў шалом,
Загаварыў, апусьціўшы чало:

“Гэтак і скончыўся шлях твой зямны,
Спынены кончарам — вострым, стальным.
Колькі харобрых загінула вояў —
Ды не дарэмнае ўсё, не пустое:

Кожны, хто дом бараніў ды паконы,
Зьнікне ня марна, як рыцар той конны,
Што на чужую зямлю з собскім ладам
Прыбыў, каб зброяй навязваці ладан, —

Не! Ён адстойваў дзядоў сваіх памяць,
Можнасьць уласнаю моваю баяць
Пацеры собскім багом. Хай жа ў Вырай
Будзе пуціна заступнікам шчырай:

Сыдземся разам, ваярства запальнае,
Вогнішча тут разьвядзем пахавальнае!
Хай яно ўгнём разгарыцца пунсовым —
Вояў палеглых вядзе туды Совій!”

(Борка — бітва,
Стод — ідал,
Вой — ваяр,
Жуд — страх, жудасьць;
Пацяты — забіты,
Месьцічы — жыхары места (гораду),
Вайдэлёты, вайдзілы — жрацы ў старажытных прусаў, ліцьвінаў ды іншых балцкіх плямёнаў;
Рушэньне — апалчэньне,
Кунігас — князь,
Мнагавой — тое, што й вой;
Жымерва — багна, багністае месца;
Бусы — шэры,
Баршчовы — чырвоны,
Лал — рубін,
Кмет — вой, які належаў да адборнага, выпрабаванага войска;
Пыхаты — ганарысты, пыхлівы;
Клыбаты — кульгавы,
Пакрыёма — патаемна,
Дзевас (Дзіверыкс, Акопірнас), Пяркун (Пяркунс), Жэміна — балцкія багі;
Бязрадны — бездапаможны,
Лепа — добра,
Алкаць — моцна жадаць,
Крыве-крывайціс, Крыве-крывейта — вярхоўны жрэц для ўсіх балцкіх плямёнаў;
Для се — для сябе,
Нікаліва — ніколькі, нікольвек;
Пакон — звычай,
Совіца — рэліґійнае аб’яднаньне балцкіх плямёнаў, якія шанавалі Совія ды прытрымваліся абраду крэмацыі;
Павочча — далёкі ўсход старажытнага арэалу пражываньня балцкіх плямёнаў, тэрыторыя сёньняшняй усходняй Беларусі, а таксама Смаленшчыны ды Браншчыны;
Рамува — рэліґійны цэнтар балцкіх плямёнаў у Прусах,
Падступна — каварна, вераломна;
Віца — “агнявая” вестка пра пачатак вайны: вогнішчы на пагорках, палальныя смалякі ў руках ганцоў;
Шыхт — шарэнга,
Харалуга — меч,
Стырчма — потырч, вэртыкальна;
Валка — бітва,
Страхлівы — страшны,
Дыхта — фанэра,
Корд — кароткі меч,
Уды — канцавіны (рукі й ногі),
Белька — лясное балота,
Ужар — тарфяное балота,
Вадас — правадыр, князь;
Кончар — меч з вузкім клінком,
Харобры — храбры,
Собскі — уласны,
Можнасьць — магчымасьць,
Ваярства — ваяры,
Угонь — агонь,
Совій — пэрсанаж балцкае міталёґіі, леґендарны заснавальнік абраду крэмацыі)


Пожаловаться на стихи

Оставить рецензию

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Стихи.бай