Родная хата

Як зімуецца,родная хата,
На вятрах без акон і дзвярэй?!
У пакінутай вёсцы багата
Ссірацелых без дыму пячэй.

Не пякуцца ў печы аладкі,
І не пахне адтуль каўбасой,
Не святкуюцца болей калядкі,
І не ходзяць ля вокнаў з казой.

Больш не пульхкае цеста ў дзежцы,
Каб пасхальнаю булкаю стаць.
На вясковай зарослай сцяжынцы
І слядоў нічыіх не відаць.

Не грабецца,не сушыцца сена,
Не стаяць на падворку стагі,
Хоць трава і вышэй за калена
І сумуюць без косаў лугі.

Не капаецца бульба ўвосень,
Перасохлі навокал брады.
У калодзеж узіраецца просінь,
Ды напіцца не можа вады.

Не злічыць усяго,што не будзе,
Не збудуецца больш,не ўзрасце.
Я пакінула хату калісьці
На сямнаццатай недзе вярсце.

Без мяне і жыла, і старэла,
І люляла надзеі ў сне,
Доўга вокнамі
ўдалеч глядзела,
Ці вярнуся з дарог да яе.

Жураўлі адляталі штовосень.
Падаліся ў вы-Рай бацькі.
Развітальныя крыкі ўвосень
Разрывалі мяне на шматкі.

Пасялілася ў хаце самота,
Пачала павуцінкі вязаць.
Адгукнулася ёй адзінота,
Не прымусіла доўга чакаць.

Гаспадараць удвух, як умеюць,
І вартуюць астаткі дабра,
У чаканні іх сілы слабеюць,
Ды ніхто не ідзе да двара.

Забыццё не чакае адплаты
І не кружыць яно крумкачом.
Я вярнуся да роднае хаты
Праз гады пакаянным дажджом.


Оставить рецензию

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Стихи.бай