Корзина (Кол: 0)

Корзина пуста.

Паважаны юрыст маляваў графіці ў сваім пад’ездзе…

Your page rank:

Паважаны юрыст маляваў графіці ў сваім пад’ездзе,
зразумеўшы, што можа гэта рабіць і, канешне, хоча.
Паважаны ўрач ціха плакаў у сваім кабінеце,
бо жыццё захаваць не здолеў ён гэтай ноччу.

За спадніцу не той даўжыні і ў памадзе чырвонай вусны
была звольнена летась настаўніца мовы ангельскай.
У царкве дзве бабулі сівыя ў бялюткіх хустках
пільнавалі, хрысціцца не ўмее хто — клікалі бесам.

У суседзяў зверху нядаўна не стала адзінага сына,
быў юнак гадоў дваццаць — раптоўна сардэчны прыступ.
У суседзяў знізу дачка марыць так маляваць карціны,
але мусіць стаць аднойчы з пад’езда такім жа юрыстам.

У бліжэйшай краме ў чарзе па тварог і водку
пачалася бойка дваіх, з-за чаго — яны ўжо не помняць.
Першы, як здаецца, другога абразіў жонку,
а другі і жанатым не быў нават, як кажуць суседзі з дома.

Пад дажджом у брудзе танцаваў састарэлы дворнік,
усміхаўся тым, хто праз лужыны бег з парасонам.
Кітайскі турыст цэлы тыдзень вандраваў па Гародне
і ўсё роўна вярнуўся ў Шанхай свой закураны й чорны.

Кожны любіць, кахае, чакае і верыць у цуды —
і не важны наогул спіс прозвішч, сем’яў, прафесій.
На планеце, то хуткай, то быццам на злосць маруднай
не хапае хіба што двух рэчаў: людзей і прыгожых песень.

Мне не быць настаўнікам простым, складаным не стаць міністрам,
не валодаць мне банкам, тэатрам, крамай, школай, аптэкай.
Аднаго прашу: ні за што не рабіце мяне юрыстам,
навучыце лепш, як застацца тут чалавекам.

Комментировать

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *