Падман-галіна́

Развіваюць у нас гаспадарку,
Прамысловасць і сферу паслуг.
Медыцына мяняецца шпарка,
Тэхналогій няўрымслівы рух.

Так вяшчаюць нам год ад году,
Ну а зруху ж не вельмі відно.
За той час у вёсцы народу
Стала менш удвая, чым было.

Ўсё бяднеюць прылаўкі ў краме,
Платна зуб залячыць – чарга.
Сувязь дрэнная? Мабыць ты ў яме –
Руку ўверх узнімі, як мага…

Гэта ўсё не зусім і здзіўляе,
Люд к такому даўно ўжо прывык:
Што бывае і доля злая,
А бывае раскоша і шык.

Так і тут: не йдзе ў параўнанне
Поле дзейнасці ні адно
З тым, што па сутнасці – ашуканне,
А завецца анлайн-казіно.

Усяго за адну пяцігодку
Расквітнела падман-галіна́.
Каб жа гэтак хутка й салодка
Падымалася цаліна…

Вось бы з гэтым няўёмным імпэтам
Вырабляць які добры тавар.
Каб рабіць нешта слушнае? Дзе там!
Ды які з тавару навар?

Нажываюцца на хваробе
Тых, каго паланіў азарт.
Хто гатовы аддаць заробак
І крэдыт узяць дзеля карт.

Здэцца й грошай не так багата
(Рост нястрымны пад назваю спад).
Можа справа тут у адкатах?
Хтось крышуе каго, мае блат?

І рэклама не злазіць з плота,
Ў тэлефоне яна ды аўто…
Як жа трапілі мы ў балота,
Дзе пануюць стаўкі з лато!?


Оставить рецензию

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Стихи.бай