Ні дажджу, ні снегу, проста вечар…
***
Ні дажджу, ні снегу, проста вечар.
Проста цёмны вечар, лістапад.
Сыра, мокра, і паўднёвы вецер
Ў мяккай цемры сунецца праз сад.
І душа імкнецца ў гэту цемру –
Паляцець бы ёй праз лістапад
Да той ліпы, што ля хаты дрэмле,
Да часоў, што не вярнуць назад.
Недзе там паўднёвы вецер скача,
Заганяе ў комін з грубкі дым,
Каля грубкі мама ціха плача –
Недзе там, дзе быў я маладым.
Хвортка ляпне глуха, нехта крочыць.
Завітае цётка на парог:
“Гэты вецер снегу напрарочыць.
А няхай і лёг бы, дай жа Бог…”
Ні дажджу, ні снегу. Проста вечар.
Проста ўспомніў роднае сяло,
Дзе лагодны цёплы вее вецер,
Дзе дарогу лісцем замяло…
19. 11. 2023 г.
Защищено Google CAPTCHA. Политика конфиденциальности и Условия использования. Copyright 2025, Стихи.Бай
Оставить рецензию