Не клаўся спаць, бо сон не дапаможа…
***
Не клаўся спаць, бо сон не дапаможа.
Ўсё роўна будуць ручанькі балець.
З іконы на сцяне магутны Божа
Ўсё роўна будзе на мяне глядзець.
Варыў грыбы ўчарашнія і смажыў,
Пра нешта тэлевізар гаварыў.
Сырая ноч ахутала, як сажа,
Майго раздум’я пра жыццё парыў.
Не клаўся спаць і класціся не буду.
П’ю з мятай чай, чытаю і куру.
Я помню ўсё, калі ж усё забуду,
Пакіньце мне світальную зару.
Я за сталом сяджу не як той п’яны,
Што восенню ўваходзіць у запой.
Не прапусціць хачу свае туманы,
Што засцілаюць шлях сягоння мой.
03. 09. 2026 г.
Защищено Google CAPTCHA. Политика конфиденциальности и Условия использования. Copyright 2025, Стихи.Бай
Оставить рецензию