Не для мажораў

Камусьці, мо, не да спадобы
Чытаць пра гной ды пра раллю…
А я турботы хлебароба
І разумею, і люблю! –

Вялікі сэнс маленькай справы,
Тых спраў штодзённы карагод,
І дзень, бясконцы ды яскравы,
Той дзень, што корміць цэлы год…

Не, гэты верш не для “мажораў”!
Гламуру месца тут не мець.
“Мажорам” пасялковы нораў,
Магчыма, цяжка зразумець –

І сэнс той працы, што да поту,
І вернасць матчынай зямлі,
І час, шчымлівы і сумотны,
Глядзець так хочацца калі

Ў аблокаў сінія прарэхі,
Дзе адзіноты горкай цень,
І шчоўкаць вершы, як арэхі,
Пра кожны, даны Богам, дзень,

Той кут, дзе дрэвы, кветкі, травы,
Дзе гаспадар ты, а не госць,
Жыццё, як ёсць на самай справе,
А не прыдуманае штось!


Оставить рецензию

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Стихи.бай