Наша лета
Я памятаю добра тое лета,
Каханне неслі мы ў сабе і мару,
І ты з рамонкаў мне дарыў букеты,
А мама недзе ехала ў Самару.
Канешне, ты застаўся начаваць,
Жыццё іскрыла паваротам новым,
Праспала я работу, і стаяць
Засталася нядоеннай карова.
Што? Восем? Як магла праспаць я? Як?
З каровай шпарка беглі мы на ніву,
Дзівіліся суседкі: «Вось дык так!»
А я была бяссорамна-шчаслівай.
А ты спяшыў дамоў праз усё сяло,
З усмешкай усе віталіся з табою,
У вас ужо каровы не было,
Суседка частавала сырадоем.
Усім было ўсё ясна — ты папаў,
Вяртаюцца ў восем не з гулянак,
Узахлёб на дубе бусел клекатаў
Пра тое, што жыццё неспадзявана.
Складанасці і радасць пачуцця —
Усё ў ім віруе ўперамешку…
А тое лета ўспамінаю я
З вясёлаю шчасліваю ўсмешкай.
11.11.2025
Защищено Google CAPTCHA. Политика конфиденциальности и Условия использования. Copyright 2025, Стихи.Бай
Оставить рецензию