На пачатак лета
Бушуе лета зелянню бяроз,
Адкрыліся з нябёс цяпла вароты,
Пазагараць хацелася б усурʼёз,
Ды толькі трэба ехаць на работу.
Зноў вандраванняў наступіў сезон,
Хто марыў пра цяпло — усё збылося,
І пахне ў садзе скошаны газон,
Як у дзяцінстве — летнім сенакосам.
Ляжыць на працу ранішні мой шлях,
Мільгаюць сосны з елкамі бясконца,
Здаецца, што на рапсавых палях
Заснула кацянём пушыстым сонца.
Чамусьці ўспамінаю я ізноў
Дзяцінства бестурботныя часіны,
Раку і клёкат ранішні буслоў
І неба колер васількова-сіні,
Што ў вадзе адбіўся і дрыжыць.
І пах лазы з вільготнаю гарчынкай…
А лета, не спытаўшыся, ляціць
У маю душу вясёлаю іскрынкай.
07.06.2025
Защищено Google CAPTCHA. Политика конфиденциальности и Условия использования. Copyright 2025, Стихи.Бай
Оставить рецензию