Мост

1.
Два берагі ракі палесскай Сцвігі,
Як берагі ўсіх рэк, злучае мост,
Вясной пад ім трашчаць віруюць крыгі,
Ён паміж сіні водаў і нябес.

Мост першых пацалункаў і кахання,
Спатканняў нашых незабыўны плёс,
То мост сустрэч і горкіх расставанняў,
І не адзін тут добры збыўся лёс.

Па ім вясной і восенню, штогодна,
Праводзілі мы з песняй у край сяла
Сваіх каханых, бо з прыказам згодна
У ваенкамат машына іх вязла.

На провадах патрэбна паспяваць,
А горыч слёз дзявочых дома выльецца.
Услед неслася душа, пацалаваць
Бездапаможнасць стрыжанай патыліцы.

Здавалася, што два гады, як век,
І тоненькія рукі як былінкі
Цягнуліся з надзеяю ўверх,
Злавіць па ветру белую хусцінку.

То добраю прыкметаю было,
У расстанні будзе грэць яна як сонца.
За гэтым назірала ўсё сяло:
Злавіць хусцінку – дачакацца хлопца.

Да гэтых пор, прыеду як дамоў,
Няхай гадоў нелічана праходзіць,
Ды цеплыня ўспамінаў зноў і зноў
На мост праз Сцвігу вечарам прыводзіць.

2.
Так, прыгажэйшай стала чым раней,
Красуе вёска маяго юнацтва,
І прыяжджае шмат цяпер людзей,
Каб хараством Палесся любавацца.

Вязуць па мосце ў вёску хлеб духмяны
І на чыгунку з Глушкавіч граніт.
Віруе днём жыццё ў Азяранах
І мітусіцца кожнадзённы быт.

Змяняецца найлепш усе пакрысе,
У Тураве сыр вараць – кожны знае,
Такі ён смачны, спадабалі ўсе
У Афрыцы, Расіі і Кітаі.

Характар паляшуцкі не зламаць
І дыялект не памяняць палесскі,
Жывы ён вечна, будзе вырастаць
Як крыж на могілках Барысаглебскіх.

Ільюцца промні сонца скрозь аблокі,
Не месца тут сумоце і журбе.
Зямля мая, душы маёй вытокі,
Красуй, Палессе, рада за цябе!
05.01.2026


Оставить рецензию

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Стихи.бай