Каторы раз сабе будую дом…
***
Не веру ў дом, і ўсё ж – будую дом…
Яўгенія Янішчыц
Каторы раз сабе будую дом,
Бо веру ў дом, дзе можна адагрэцца,
Дзе толькі неба стыне за акном
І дзе не стыне стомленае сэрца.
Каторы раз будую сэрцу дом,
Дзе цішыня бясконцая ліецца,
Дзе за пісьмовым ля акна сталом
Суцішанае сэрца ціха б’ецца.
Каторы раз я там будую дом,
Куды бяда не завітае ў госці,
Дзе не відаць зайздроснікаў кругом
І дзе няма нянавісці і злосці.
Каторы раз такі будую дом,
Які не мае адраса і назвы,
Дзе даражыў бы кожным я вуглом
І адназначнай не баяўся фразы.
Каторы раз будую сабе дом
Уяўным, несапраўдным серабром…
20. 04. 2024 г.
Защищено Google CAPTCHA. Политика конфиденциальности и Условия использования. Copyright 2025, Стихи.Бай
Оставить рецензию