Каня цяпер убачыш у полі рэдка…

Каня цяпер убачыш у полі рэдка,
Зямлю ўжо не разорваюць каньмі
І сена не цягаюць на палетках,
Скрозь «Беларусы» едуць па раллі.

У дзяцінстве, добра памятаю я,
Калі садзіць прыходзіў бульбу час,
Збіралася дадому ўся сям’я,
Ляксей, з лясніцтва конюх, ішоў да нас

З прышчураным заўсёды хітрым вокам,
Ён за сабою пару вёў гнядых,
Падтруньваў над суседкамі патроху
Ці жартамі смяшыў вясёла іх.

Свісцела пуга, гэткі быў расклад:
Падрыхтаваўшы на гародзе коней,
Ляксей пытаўся: «Уроскід ці ўсклад?»
«Паши, Лексей, как знаешь, как удобней».

Была матуля рускаю мая,
Пражыўшы на Палессі многа летаў,
Яна не карысталася, як я,
Мясцовым паляшуцкім дыялектам.

Жанкі садзілі бульбу, як спявалі,
Я назіраць узбіралася на воз,
Ды не надоўга, хутка адпраўлялі
Мяне загрэбаць у граначкі навоз,

Каб прывучаць да працы пакрысе.
Цяпер ужо суседкі зачаплялі
Ляксея дружнай чарадой усе,
Бо бульбу ў гранкі хуценька кідалі,

А ён не паспяваў для іх араць.
Пабегла маці з агародных сотак
Да заканчэння працы згатаваць
Прыпасеных да пасяўной смакотак,

Ды на абед усіх стала запрашаць
З напоем хлебным, выціснутым цішкам,
І толькі паспявалі ўсе махаць
Напоўненым з краечкамі кілішкам…

Лагодным, цёплым, добрым аганьком
Раскрыўшы насцеж твары, вочы, душы,
Лілася песня потым за сталом,
Яе дагэтуль чуюць мае вушы.

Я варушу былое нездарма,
А каб цяплом душу сабе напоўніць.
Маралі тут ніякае няма,
Мне проста гэта ўсё прыемна ўспомніць.
09.11.2025


Пожаловаться на стихи

Оставить рецензию

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Стихи.бай