Істота

(дыялог з душой)

I
Душа мая, ты не магла
Паверыць у сваю краіну,
Пакуль баялася святла
І ўспамінала пра дзяўчыну,
Што кінула цябе адну
Пакутаваць у целе хворым…
Адрынь мінуўшчыны труну!
Давай, душа, лепш пагаворым
На тэму, што хвалюе нас,
Патрапіўшы ў сутонне веку,
У гэты не сапраўдны час,
Які абрыдзеў чалавеку.

II
Ты ведаеш, дзе быў мой шлях
І кім я быў на ім, як крочыў…
На ім раней адзін манах
Сваё жыццё самохаць скончыў,
Бо адчуваў, што кінуў Бог
Яго за смеласць тых пытанняў,
Якія ходзяць без дарог
Па свеце ў пошуках спатканняў
З такімі ж дзецьмі цыганоў –
Нашчадкамі свабоды вечнай,
Адмовіўшыся ад паноў
І ад спакусы хуткацечнай.

III
Паслухай, што я запяю,
Даведаўшыся пра істоту,
Якую ноччу то люблю,
То, забываючы турботу,
Ганю далей ад творчых сноў,
Каб не псаваць сабе настрою.
Якая можа быць любоў,
Калі не ўзяць яе з сабою –
Істоту гэтую – туды,
Дзе воля з межамі бывае?..
Хай уцякае ад бяды,
Пакуль прытулак нейкі мае!

IV
Істота чорная, але
Была і белаю калісьці…
Яна гарэла на стале
Як свечка, хоць і без карысці.
Цяпер з’яўляецца як цень
І, седзячы на краі ложка,
Гаворыць мне: “Я твой прамень.
Мяне стварыў раней Сярожка
Ясенін – рускі рыфмаплёт,
Назваўшы Чорным чалавекам.
Збірайся, сябар, у палёт
І развітайся з творчым здзекам”.

V
Душа, яшчэ ты там не спіш,
Наслухаўшыся жахаў розных?
Не сумнявайся, паляціш
Ад твараў змрочных і сур’ёзных
Туды, дзе ў кожнага ёсць рай
Асобны, светлы і прыгожы.
Але чакай пакуль, чакай…
Не ўсё на нашым бездарожжы
Так хутка робіцца, павер.
Адразу выканаем волю
Святога сэрца, каб той звер,
Што чорным быў, крычаў ад болю.

VI
Ён зноў сядзіць каля мяне
І словы брыдкія зноў мовіць:
“Шукай лепш ісціну ў віне…
Яна цябе заўжды напоіць
Атрутай алкагольнай і
Адчыніць храм Хрыста і Маці,
Скароціць ночы ўсе і дні,
Паверне час у бок дзіцяці,
Што не народзіцца ў цябе
Ніколі ад тваёй каханай.
Шукай ратунак у журбе,
А ісціну – у спрэчцы п’янай”.

VII
Смяешся?.. Думаеш, маўляў,
Істота гэтая – настаўнік?
З ёй у маленстве я гуляў –
Яшчэ тады, калі мой страўнік
Не ведаў пра цябе, душу,
І не шукаў ніякай праўды…
Павер, табе ўжо не схлушу,
Што адмаўляўся я ад здрады
Дзеля цябе, хоць і цярпеў
Пачвару гэтую з-за мовы,
Бо розуму тады не меў
І не выказваў усе словы.

2000 г.


Пожаловаться на стихи

Оставить рецензию

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Стихи.бай